Па «справе ЧКБ» вынеслі завочныя прысуды – па 12 гадоў



Пяцёра абвінавачаных па «справе Чорнай кнігі Беларусі» атрымалі 12 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе БелТА. Такія ж тэрміны пакарання патрабаваў для абвінавачаных пракурор. Справа расследавалася ў парадку спецвытворчасці, суд пачаўся 12 снежня і праходзіў завочна.

Па справе праходзілі пяць чалавек – Яніна Сазановіч, Зміцер Навоша, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Яны абвінавачваліся ў распальванні сацыяльнай варожасці і варожасці, незаконных дзеяннях у адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных.

Паводле матэрыялаў справы, яны не пазней за жнівень 2020 года «аб’ядналіся ў злачынную групу, у складзе якой стварылі і адміністравалі тэлеграм-канал «Чорная кніга Беларусі» і іншыя аналагічныя рэсурсы», збіралі і размяшчалі ў адкрытым доступе інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальныя дадзеныя супрацоўнікаў АУС, пракуратуры, суддзяў, журналістаў.

Следства лічыць, што сярод асноўных мэт абвінавачаных былі дыскрэдытацыя ўлады і праваахоўных органаў, распальванне сацыяльнай варожасці, варожасці і нянавісці ў адносінах да сілавога блока і дзяржслужачым, а таксама іншым асобам, якія выступаюць за захаванне правапарадку і дзейнага канстытуцыйнага ладу ў краіне; распаўсюджванне паклёпніцкіх звестак аб іх; падбухторванне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці.

reform.by