„Падарожжа дылетанта” вяртаецца ў эфір на TUT.BY



Вядомы беларускі праект пра падарожжы — «Падарожжа дылетанта» — разам з нязменным аўтарам і вядоўцам Юрыем Жыгамонтам вяртаецца ў эфір. Гэтым разам праект будзе выходзіць на партале TUT.BY. Вяртанне ў эфір адбылося праз замежжа: упершыню за гісторыю праекта пан вядоўца выехаў з Беларусі, каб з нагоды 500-годдзя першай беларускай друкаванай Бібліі распавесці пра Прагу Францыска Скарыны.

Пражская серыя складаецца з двух выпускаў, першы вы бачыце сёння, а другі выйдзе праз тыдзень — 7 лютага. Пасля паездкі ў Чэхію самы знакаміты дылетант вернецца да падарожжаў па Беларусі з новымі накірункамі і цікавымі фактамі. Цяпер «Падарожжа дылетанта» ствараецца пры падтрымцы velcom і будзе выходзіць на партале TUT.BY два разы на месяц.

«Падарожжа дылетанта» упершыню накіравалася за межы Беларусі, каб распавесці пра тыя мясціны, дзе калісьці жыў і працаваў беларускі першадрукар Францыск Скарына. У праграме паказаны той самы будынак, дзе, па меркаваннях навукоўцаў, выйшла у свет першая друкаваная кніга на беларускай мове, а таксама шмат іншых месцаў, звязаных з вядомым асветнікам і гуманістам.

— Праграма існуе ўжо больш за 15 год. За гэты час, канешне, адбылося імклівае развіццё новых тэхналогій. І мне разам з маей камандай хацелася, каб як мага больш беларусаў працягвалі глядзець перадачу і адкрывалі яе для сябе, — адзначыў Юрый Жыгамонт. — Новы фармат і рэсурс, на якім будзе выходзіць праграма, адкрывае перад ёй новыя вялікія магчымасці. Таму я вельмі ўдзячны партнёрам — кампаніі velcom і парталу TUT.BY — за тое, што мы змаглі зберагчы самабытнасць «Падарожжаў дылетанта», але і разам з гэтым даць новае жыцце праграме».

Галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава сама з’яўляецца сталай глядачкай праграмы і надае ёй заслужаны статус беларускага брэнда. «Мы вельмі радыя, што цяпер зможам развіваць праект разам», — адзначыла рэдактар.

«500-годдзе першай беларускай друкаванай кнігі Францыска Скарыны — гэта значная дата, якая заслугоўвае вялікай увагі. — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў. — Нацыянальная гісторыя і культура — вельмі важныя каштоўнасці для нашай кампаніі. Праграма «Падарожжа дылетанта» асабіста для мяне з’яўляецца такім скарбам, які для многіх беларусаў знаёмы з дзяцінства. Яе аднаўленне ў сучасным лічбавым фармаце дазволіць яшчэ больш пашырыць кола яе гледачоў і прыхільнікаў».

tut.by