Памежнікі Польшчы спынілі за суткі каля 600 спробаў парушэння мяжы
Уначы дзве вялікія групы мігрантаў узялі штурмам агароджу на мяжы і прарваліся на польскую тэрыторыю. Частку мігрантаў палякі адцяснілі зноў на мяжу, астатніх адшукалі. Усе мігранты, якія прарваліся ўначы праз мяжу, былі затрыманыя.
Пра гэта Польскаму радыё Jedynka заявіў міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак:
– Гэта не была спакойная ноч, было шмат спробаў прарвацца праз польскую мяжу. З таго, што пачуў, з дакладаў камандзіраў польскага войска, размаўляў з камандзірам 16-й дывізіі генералам Радомскім, які камандуе жаўнерамі на месцы. Усе тыя, хто прарваўся, быў затрыманы. Сітуацыя неспакойная, два дні таму была адна вялікая група, якая сканцэнтравалася недалёка ад Кузніцы Беластоцкай, там была спроба фарсіравання мяжы. Мы таксама маем дачыненне з меншымі групамі, хоць і шматлікімі, якія атакуюць польскую мяжу адначасова ў некальскіх месцах.
Акрамя таго, Блашчак заявіў, што мяжу ахоўваюць ужо 15 тысяч польскіх вайскоўцаў і гэтая лічба можа быць павялічаная:
– На мяжы цяпер знаходзіцца 15 тысяч жаўнераў польскага войска. Колькасць жаўнераў была павялічана. Калі спатрэбіцца, то гэта колькасць будзе яшчэ больш павялічана. Там памежнікі, паліцыя, якія падрыхтаваныя да таго, каб захаваць бяспеку нашай Радзімы.
Паводле апошняй інфармацыі, улады Польшчы разглядаюць магчымасць цалкам закрыць мяжу з Беларуссю. У тым ліку для грузавых перавозак.
Беларускае Радыё Рацыя