Памёр Валеры Фралоў



Вядомы палітык Валеры Фралоў знойдзены мёртвым дома ў Менску. Яму было 67 гадоў. Прычыны смерці пакуль невядомыя.

 

Валеры Фралоў нарадзіўся 14 жніўня 1947 г. у Менску. Скончыў Менскі аўтамеханічны тэхнікум, Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, Ваенную акадэмію бранятанкавых войскаў, Акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР, Акадэмію кіравання пра Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Генерал-маёр.

У 1964–1966 гг. працаваў зубарэзчыкам на Менскім аўтамабільным заводзе, у 1970–1993 гг. служыў ва Узброеных Сілах СССР камандзірам танкавых узвода, роты, батальёна, начальнікам штаба і камандзірам танкавага палка, начальнікам штаба мотастралковай дывізіі і камандзірам дывізіі. У 1993–2000 гг. ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь: начальнік штаба армейскага корпуса, камандзір армейскага корпуса.

У 2000–2004 гг. дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камісіі па нацыянальнай бяспецы, узначальваў апазіцыйную групу «Рэспубліка».

У БСДП уступіў у 2004 г. У 2006–2009 гг. быў старшынёй Менскай гарадской арганізацыі БСДП. У сакавіку 2007 – кастрычніку 2010 г. і з 5 чэрвеня 2011 г. намеснік старшыні БСДП.

Жанаты, трое дзяцей.

Узнагароджаны ордэнамі “За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР” ІІІ ступені, Прападобнага Сергія Раданежскага і 11 медалямі.