Перайменаванне вуліцы Лупашкі прыпынена



Падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі праверыць ці рашэнне дэпутатаў Гарадской рады Беластока ў справе змены назвы вуліцы Лупашкі адпавядае закону.

Фота poranny.pl

Справа датычыць рашэння прынятага 28 кастрычніка гэтага года, калі дэпутаты гарадской рады Беластока ад „Грамадзянскай кааліцыі” прагаласавалі за змену назвы вуліцы Зыгмунта Шэндзеляжа пс. Лупашкі на Падляшскую.

Імя Лупашкі было нададзена вуліцы вясной мінулага году. Ініцыятыва належала дэпутатам ад партыі „Права і справядлівасць”. З таго часу на шыльдах з назвай вуліцы з’яўляліся надпісы „забойца”. Напрыканцы кастрычніка змену назвы ініцыявалі дэпутаты ад „Форума меншасцяў Падляшша”. Рашэнне не скончыла спрэчкі, паколькі падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі (ад „Права і справядлівасці”) спыніў выкананне рашэння і пачаў правядзенне кантрольных дзеянняў.

У матывіроўцы рашэння ваяводы адзначаецца „Ёсць падставы лічыць, што былі парушаныя пункты Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што Польшча бярэ пад ахову ветэранаў змагання за незалежнасць”. Таксама матывіроўка беластоцкіх дэпутатаў пра дзейнасць Лупашкі нібыта супярэчыць даследванням „Інстытуту нацыянальнай памяці”.

Дэпутаты ад „Форуму меншасці Падляшша” матывавалі змену назвы вуліцы тым, што менавіта камандзір 5 Віленскай брыгады маёр Зыгмунт Шэндзеляж „Лупашка” адказны за забойствы цывільнага насельніцтва ў вёсцы Дубінкі, на сучаснай тэрыторыі Літвы, а таксама за спаленне беларускіх вёсак Патока і Вілюкі на Падляшшы.

Інфармацыя ад Падляшскага ваяводы

Беларускае Радыё Рацыя