Першай выканаўцы Купалаўскай Паўлінкі – 130
130 гадоў таму 24 верасня 1893 года нарадзілася Паўліна Мядзёлка (1893-1974)– пісьменніца, педагог, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Імя Паўліны Мядзёлкі, жанчыны рамантычнай, незвычайнай і ўзнёслай, знаходзіцца ў сузор’і найлепшых прадстаўнікоў Беларусі. Яна пражыла нялёгкае, насычанае цікавымі падзеямі жыццё.
Нарадзілася Паўліна ў Будславе Вілейскага павета Віленскай губерні ў сялянскай сям’і, якая ў 1898 годзе пераехала ў Глыбокае. Дзяўчына самастойна навучылася чытаць, а ў 1903 годзе скончыла Глыбоцкае царкоўна-прыходскае вучылішча. Потым яна паступіла ў Віленскую прыватную жаночую гімназію Няздзюравай. Наведвала вечарыны, што адбываліся ў “Беларускай хатцы” і садзейнічалі росту нацыянальнай самасвядомасці. Там бліжэй пазнаёмілася з культурна-грамадскімі дзеячамі і пісьменнікамі Цёткай, Змітраком Бядулем, Ядвігіным Ш і іншымі.
У 1914 годзе ў Пецярбургу Паўліна Мядзёлка скончыла Вышэйшыя камерцыйныя курсы. Прымала ўдзел у вечарынах беларускай моладзі, што праходзілі ў кватэры Браніслава Эпімаха-Шыпілы, аматарскіх тэатральных пастаноўках. Прысутнічала на цікавых сустрэчах з дзеячамі беларускай культуры – Язэпам Драздовічам, Антонам Грыневічам, Станіславам Казурам, Цішкам Гартным, – дзякуючы якім рана далучылася да культурна-грамадскай дзейнасці. Паўліна Мядзёлка працавала ў рэдакцыях, здабывала паперу для друкавання беларускіх падручнікаў, пісала вершы.
На фарміраванне яе асобы вялікі ўплыў аказала творчасць Янкі Купалы і сам паэт, з якім яе звязвала шчырае сяброўства. У гэты час пісьменнік закончыў сваю п’есу “Паўлінка”. Прэм’ера ў пастаноўцы Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў у Пецярбургу адбылася 9 лютага 1913 года. Роля Паўлінкі стала галоўнай тэатральнай удачай Паўліны Мядзёлкі.
Пасля заканчэння курсаў Паўліна пакінула Пецярбург і пераехала ў Вільню. У 1914 годзе яна стала ўдзельніцай Беларускага музычна-драматычнага гуртка. У гады Першай сусветнай вайны была ў эвакуацыі ў Расеі і Украіне. Працавала выхавацелькай у дзіцячым прытулку, адказным сакратаром у Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны, у аддзеле дапамогі ахвярам вайны ў Саюзе гарадоў па арганізацыі дзіцячых прытулкаў.
У 1917 годзе Паўліна арганізавала беларускую школу ў вёсцы Жорнаўцы Ігуменскага павета. Праз год пераехала ў Менск. Працавала настаўніцай і выступала на сцэне Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Далей былі два арышты польскімі акупацыйнымі ўладамі (першы – у Гародні ў 1919 годзе, другі – у Менску ў 1920 годзе).
У 1922 годзе беларуска настаўнічала ў Дзвінскай беларускай гімназіі, дзе разам з іншымі выкладчыкамі была беспадстаўна арыштавана, потым апраўдана, але звольнена з працы.
У 1925 годзе Паўліну Мядзёлку накіравалі ў Клімавічы, дзе чытала лекцыі па беларускай мове і літаратуры на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Працавала навуковым супрацоўнікам сектара мастацтва ў Інбелкульце, выкладала родную мову ў сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
У 1930 годзе ў Маскве, куды прыехала на лячэнне, была арыштавана. У сакавіку 1931 годзе прыгаворана да пяці гадоў высылкі ў Казань. Праз год ёй дазволілі вярнуцца ў Маскву, дзе жыла з 1932 па 1947 гады. Працавала выкладчыцай рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе. Пасля ссылкі жыццё Паўліны Мядзёлкі ператварылася ў барацьбу за існаванне: абразы, беспадстаўныя абвінавачванні, звальненні з работы.
У 1947 годзе жанчына пераехала ў Будслаў, дзе да 1958 года працавала настаўніцай у мясцовай школе. Арганізавала ў ёй харавы і драматычны гурткі. Вынікам пражытага і перажытага, запаветам, які яна пакінула пасля сябе, сталі мемуары “Сцежкамі жыцця” (1974, частка другая надрукавана ў 1993 годзе).
У 1966 годзе Паўліне Мядзёлцы было прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі. Апошнія гады яе жыцця прайшлі ў роднай вёсцы, там у 1974 годзе яна памерла і пахавана.
Беларускае Радыё Рацыя