Пілігрымка ў Друю да 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча



Да 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча беларускія каталікі ўсходняга абраду ладзяць пілігрымку ў Друю, што на Віцебшчыне. Чэслаў Сіповіч быў першым беларускім грэка-каталіцкім біскупам у ХХ стагоддзі.

Пра акалічнасці пілігрымкі кажа святар Андрэй Крот:

– Гэта даволі значная дата, калі глядзець на нашую культуру не толькі ў рэлігійную, але і ўвогуле ў беларускую культуру. Таму ў гэтыя выходныя 31-га жніўня ў Друі, у тым месцы, дзе ён пачынаў свой духоўны шлях, будзе адслужана ўрачыстая літургія. У ёй прыме ўдзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь уладыка Клаўдзій Гуджэроцці, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, таксама Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі Сяргей Гаек.

Біскуп Чэслаў Сіповіч вядомы, як стваральнік беларускага пасляваеннага асяродка ў Лондане. Менавіта ён арганізаваў вядомую бібліятэку імя Францішка Скарыны.

31-га жніўня аўтобус з пілігрымамі з Менска накіруеца ў Друю, дзе і пройдуць урачыстасці.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня