Польшча змяніла правілы перасячэння мяжы



Польшча змяніла правілы перасячэння мяжы. Яны сталі больш жорсткімі.

Польшча ў сувязі з нарастаннем эпідэміі каронавіруса змяніла правілы перасячэння мяжы. З панядзелка для ўезду з-за межаў Шэнгенскай зоны неабходна мець адмоўны тэст, зроблены не больш як за 24 гадзіны да паездкі.

„З 15 снежня кожны чалавек перад прылётам у Польшчу з-за межаў Шэнгенскай зоны павінен здаць тэст на COVID-19. Тэст трэба зрабіць не больш чым за 24 гадзіны да паездкі. Важна: вакцынацыя не вызваляе ад тэсціравання”, – гаворыцца ў растлумачэнні.

Гаворка ідзе пра вельмі кароткі перыяд дзеяння тэсту – 24 гадзіны, і з каментара прадстаўнікоў урада вынікае, што для перасячэння мяжы падыходзяць таксама хуткія антыген-тэсты. У паведамленні таксама пазначана, што людзі, якія вандруюць з-за межаў Еўрапейскага Звяза і Шэнгенскай зоны, не могуць быць вызваленыя ад 14-дзённага каранціну на падставе адмоўнага тэсту (да з’яўлення штаму „амікрон” каранцін быў 10 дзён). Выключэнне – Турцыя. Магчымасць выйсці з каранціну па ПЦР-тэсту з’яўляецца толькі праз 8 дзён знаходжання ў краіне. Гэта адносіцца і да грамадзян Беларусі.

Не трэба адбываць каранцін уладальнікам пашпартоў вакцынацыі. Але гаворка ідзе толькі пра прэпараты, якія прызнаныя ў Еўразвязе. Правіла дзейнічае для тых, у каго з моманту поўнага курса прышчэпак прайшло 14 дзён.