Польскія гуманітарныя візы для часовага пражывання будуць выключаць паездкі ў Беларусь
З 9 ліпеня набывае моц аблегчаная працэдура атрымання дазволу на часовае пражыванне для беларускіх грамадзян, якія пражываюць у Польшчы на падставе гуманітарных віз, паведамляе Офіс па справах замежнікаў Польшчы.
Пастанова дазволіць грамадзянам Беларусі падаваць заяву на атрыманне новага віду дазволу на часовае пражыванне. Яно прызначана для асоб, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы на падставе нацыянальных віз, выдадзеных па гуманітарным прычынам, у сувязі з інтарэсамі дзяржавы або міжнароднымі абавязацельствамі (з указаннем „D 21” на візавай налепцы).
Умовай з’яўляецца знаходжанне на тэрыторыі Польшчы на падставе такой нацыянальнай візы непасрэдна перад падачай заявы аб выдачы дазволу. Гэта будзе датычыць і тых выпадкаў, калі тэрмін дзеяння нацыянальнай візы быў працягнуты ў сувязі з пандэміяй, а чалавек працягвае знаходзіцца ў Польшчы па гуманітарнай візе, падоўжанай такім чынам.
Новы шлях легалізацыі дае наступныя перавагі:
– дазвол будзе выдавацца адразу на 3 гады;
– прадастаўленне дазволу будзе вызвалена ад гербавага збору;
– выдача карты рэзідэнта ўладальніку такога дазволу не абкладаецца зборам;
– уладальнік такога дазволу на часовае пражыванне будзе вызвалены ад абавязку мець дазвол на працу;
– з 1 студзеня 2023 года ўладальнік гэтага віду дазволу на часовае пражыванне зможа падаць заяву на атрыманне польскага праязнога дакумента для замежніка.
Дазвол на часовае пражыванне выдаецца ваяводам па месцы жыхарства заяўніка. Дакументы падаюцца разам з асабістай яўкай у ваяводскае ўпраўленне.
«Такі від на жыхарства будзе выдавацца ў сувязі з тым, што грамадзянін, які звяртаецца, не можа вярнуцца ў Беларусь. І ён выключае магчымасць вандровак у Беларусь. Парушэнне гэтага правіла можа быць расцэнена польскімі ўладамі як парушэнне правілаў выдачы гэтых віз і вам можа пагражаць штраф з забаронай на ўезд у ЕЗ», – патлумачыла прадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай Крысціна Рыхтэр.
Атрымаць гуманітарную візу змогуць тыя грамадзяне Беларусі:
– якія прыбылі з Украіны пасля 24 лютага і якія знаходзіліся на тэрыторыі Украіны легальна да 24 лютага;
– у якіх зараз ужо гуманітарныя польскія візы і якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы.
МЗС разгледзіць магчымасць пашырэння катэгорый беларусаў, якія могуць атрымаць візы на тэрыторыі Польшчы.