Пракуратура і РАУС Лідскага раёна адказваюць на звароты па-беларуску
Грамадскаму актывісту з Бярозаўкі, Вітольду Ашурку, прыйшлі адказы на скаргі ў сувязі з парушэннямі пры правядзенні ператрусу ў яго кватэры. І калі следчым камітэтам парушэнняў ня выяўлена, і адказ на зварот па-беларуску прыйшоў на расейскай мове, дык ў пракуратуры парушэнні крымінальна-працэсуальнага кодэкса пры ператрусе ў кватэры актывіста выяўленыя, і адказ — па-беларуску:
— Пракурор у тым факце, што ператрус адбыўся ў маёй кватэры, без мяне, не знайшоў ніякага парушэння. А вось за тое, што лейтэнант міліцыі Рум не пакінуў адпаведную паперу пасля канфіскацыі майго камп’ютара і іншых прыладаў, у дачыненні да яго вынесена пастанова аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці, — кажа Вітольд Ашурка.
У сваю чаргу, начальнік Лідскага РАУС, Ігар Генец, даслаў Вітольду Ашурку ліст, у якім паведаміў, што яго падначалены, які дапусціў парушэнні пры правядзенні ператрусу, прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Паводле актывіста, яго прыемна здзівіла тое, што скаргі ў РАУС асабіста ён не пісаў, але ліст ад начальніка прыйшоў, напісаны па-беларуску і ў паважлівай форме.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Бярозаўка