Працягваецца пераслед удзельнікаў Свіслацкага фэсту



Афіцыйныя беларускія ўлады працягваюць пераслед у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі памяці паўстанцаў Каліноўскага што адбылася трыма тыднямі раней.

1863

Берасцейцы тут не выключэнне і пасля Гародні “першыя званочкі” міліцыі пачалі даходзіць ужо сюды. Аднак нягледзячы на мажлівыя пратаколы і суды, жыхары рэгіёна не губляюць аптымізму і маюць намер працягваць ушаноўваць паўстанцаў у Свіслачы.

Кажа Аляксанд Мех з Кобрыні:

– Мы ж добра разумеем, што гэта антыбеларуская ўлада, а я хачу жыць у сваёй Беларусі, дзе будзе беларуская ўлада.

Яўген Скрабутан:

– Пра сваіх герояў не трэба забываць, пра іх трэба памятаць. Гэты штогадовы фэст у Свіслачы добры прыклад таго, што беларусы не забыліся пра паўстанцаў і з’язджаюцца кожны год, каб ушанаваць іх памяць.

Стала вядома, што да бацькоў Яўгена Скрабутана, якія жывуць у Зэльве на Гарадзеншчыне, прыходзілі з міліцыі. Па-словах маладога чалавека, шукалі яго праз ягоны магчымы ўдзел у фэсце памяці паўстанцаў “Свіслач 2016”.

Сам жа Яўген, пакуль ніякіх афіцыйных папераў не атрымаў. Падчас акцыі спецслужбоўцы ў цывільным актыўна здымалі ўдзельнікаў на відэакамеры.

Беларускае Радыё Рацыя