Праз 4 гады Латвія забароніць расейскую мову ў школах
Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі плануе ўвесці ў якасці замежных моў для навучання мовы краін ЕЗ.
Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі плануе з 2026/2027 навучальнага года ўвесці парадак, пры якім другой замежнай мовай ва ўсіх навучальных установах можа быць толькі адна з моў Еўрапейскага звязу ці замежная мова, засваенне якой рэгулююць міжурадавыя дагаворы ў сферы адукацыі, паведамляе delfi.lv.
Гэта азначае, што расейскую мову як другую замежную ў школах Латвіі больш вучыць будзе нельга, бо гэта мова не з’яўляецца афіцыйнай мовай ЕЗ і не фігуруе ў адпаведных міжнародных дамовах. Міністэрства адукацыі лічыць, што такія змены будуць спрыяць паўнавартаснаму ўключэнню моладзі ў адукацыйную прастору Еўропы, вывучэнню афіцыйных моў ЕЗ і дасць больш шырокія магчымасці занятасці ў Еўропе і за яе межамі.
Зараз першую замежную мову ў латвійскіх школах пачынаюць вучыць ужо ў 1-м класе. Гэта павінна быць адна з афіцыйных моў ЕЗ, і часцей за ўсё — ангельская. Другую замежную мову ў навучальных установах, якія рэалізуюць праграмы адукацыі на латышскай мове, пачынаюць засвойваць у 4-м класе.
Крыніца: „Новы час”