Пуціну на дзень народзінаў пажадалі «адправіцца ў пекла»
Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк даў у Кіеве інтэрв’ю намесніку галоўнага рэдактара Bild Паўлю Ронцхаймеру. Той спытаў, што ён можа пажадаць Уладзіміру Пуціну, якому сёння спаўняецца 71 год.
Цытата: «У яго ёсць даўгавыя абавязацельствы ў пекле. Яму самы час адправіцца туды. І адказаць на ўсе пытанні, чаму гэты чалавек, як ён сам сябе лічыць, працягвае знішчаць іншых людзей. Чаму ён свае дзіцячыя комплексы, сваю непаўнавартаснасць рэалізуе масавымі генацыднымі забойствамі ў іншай краіне. І чаму ён лічыць, што за гэта ніхто не возьме ў яго выніковую плату. У яго няма дня нараджэння».
Між тым, урад Расеі зацвердзіў асаблівы парадак уезду на тэрыторыю краіны для грамадзян Украіны. З 16 кастрычніка ўкраінцам часова будзе дазволена ўязджаць у Расею толькі праз аэрапорт Шарамеццева і аўтамабільны пункт пропуску «Лудонка» ў Пскоўскай вобласці. Такія меры ўлады растлумачылі «арганізацыяй бяспекі расейцаў у геапалітычных умовах».
Улады Украіны з 1 ліпеня 2022 года ўвялі візавы рэжым для грамадзян Расеі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тады тлумачыў, што ўлады пайшлі на такі крок «у рамках супрацьдзеяння беспрэцэдэнтным пагрозам нацыянальнай бяспецы».
Беларускае Радыё Рацыя