Рассакрэчаныя архівы пакладзены ў аснову кнігі пра Мазурава
Рассакрэчаныя архівы Беларусі і Расеі пакладзены ў аснову кнігі „Кирилл Мазуров. О чем молчало время…”, якая выйшла ў выдавецтве „Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”.
Аўтар кнігі – пісьменнік, кандыдат гістарычных навук Наталля Голубева, навуковы кансультант – прафесар МДІМА, доктар гістарычных навук Наталля Капітонава. Упершыню ў беларускай літаратуры зроблена спроба на аснове шырокай даследчай базы, раней невядомых дакументаў, якія доўгія гады захоўваліся ў архівах пад грыфам „Зусім сакрэтна”, „Асаблівы сектар”, асабістых дзённікавых запісаў і няскончаных успамінаў Кірылы Трафімавіча, пераасэнсаваць час, у які ён жыў і працаваў, па-новаму паглядзець на падзеі той эпохі.
Паводле слоў Наталлі Голубевай, у кнізе ўпершыню прадстаўлены дакументы важных палітычных падзей, якія адбываліся ў СССР, у прыватнасці, ліпеньскага 1957 года пленума ЦК КПСС з асуджэннем антыпартыйнай групоўкі Молатава, Малянкова, Кагановіча.
У выданні таксама ўпершыню прадстаўлены аналіз значнай колькасці дакументаў аб рабоце ўрада СССР.
Прэзентацыя кнігі „Кирилл Мазуров. О чем молчало время…” адбудзецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 11 красавіка ў 16.00.