СБУ раскрыла міжнародную фінансавую аферу “Хірурга”
Лідар скандальнай байкерскай групоўкі “Начныя ваўкі” Аляксандр Залдастанаў па мянушцы „Хірург” займаўся маштабнымі фінансавымі аферамі. Супраць Залдастанава распачата крымінальная справа. Пра гэта паведаміў прэсовы афіцэр Службы Бяспекі Украіны. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Паводле прэсавай службы СБУ, Аляксандр Залдастанаў, больш вядомы як Хірург, пры дапамозе менеджараў міжнароднай кампаніі „Forex Trend” сістэмна выкрадаў грошы, якія ўдзельнікі валютнай біржы “Forex” інвеставалі на міжнародных фінансавых рынках. Сярод пацярпелых – не толькі ўкраінцы, але і грамадзяне Расейскай Федэрацыі, а таксама краін СНД. Частку выкрадзеных грошай лідар “Начных ваўкоў” накіроўваў на фінансаванне непрызнаных “ДНР” і “ЛНР”.
“Супрацоўнікі Службы Бяспекі Украіны падчас ператрусаў у офісах кампаній украінскіх прадстаўнікоў знайшлі фінансава-гаспадарчую дакументацыю, якая пацвярджае правядзенне незаконных фінансавых аперацый. Праваахоўнікі выявілі значную суму гатоўкі ў расейскіх рублях і далярах ЗША, а таксама памятныя ўзнагароды ФСБ Расейскай Федэрацыі: корцік і гадзіннік”, – гаворыцца ў афіцыйнай заяве СБУ.
Рэакцыі самога Аляксандра Залдастанава на абвінавачванні ўкраінскага боку пакуль няма.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота rusmonitor.com