„Севілья” сёмы раз выйграла Лігу Еўропы УЕФА
Футбалісты „Севільі” сёмы раз сталі пераможцамі Лігі Еўропы.
У вырашальным паядынку на полі „Пушкаш Арэны” у Будапешце іспанская каманда адолела італьянскую „Рому” у серыі пасляматчавых пенальці. Першы тайм прайшоў з невялікай перавагай „Севільі”, але лік адкрылі супернікі. На 35-й хвіліне сустрэчы гэта зрабіў адзін з лідэраў рымлян аргентынскі нападнік Паўла Дзібала, які нанёс дакладны ўдар з межаў штрафной плошчы. Да перапынку больш нікому не ўдалося вызначыцца, а праз 10 хвілін пасля аднаўлення гульні няўдала згуляў абаронца „Ромы” Джанлука Манчыні, адправіўшы мяч у сваю браму – 1:1. У асноўны і дадатковы час гэты вынік не змяніўся, а пенальці лепш прабілі падначаленыя Хасэ Мендзілібара – 4:1.
Футбалісты „Севільі” з’яўляюцца рэкардсменамі па колькасці перамог у другім па рангу кантынентальным турніры: яны выйгравалі Лігу Еўропы ўжо 7 разоў.
У Доме футбола разгледзяць апеляцыю „Шахцёра” і Корзуна
У Доме футбола сёння пройдзе пасяджэнне апеляцыйнага камітэта БФФ, на якім будуць разгледжаны апеляцыі салігорскага „Шахцёра”, а таксама хаўбека „гарнякоў” Мікіты Корзуна па справе аб дамоўных матчах.
Пра гэта паведамляе football.by. Нагадаю, „Шахцёр” быў пазбаўлены чэмпіёнства, а таксама ачкоў у сёлетнім і будучым сезонах за дамоўныя матчы і стымуляванне. Мікіта Корзун быў аштрафаваны і ўмоўна дыскваліфікаваны на год.
Раналду заняў 5-е месца ў спісе бамбардзіраў лігі Саудаўскай Аравіі
Крышціяну Раналду не ўдалося стаць лепшым бамбардзірам лігі Саудаўскай Аравіі за паўгода. Форвард „Аль-Насра” вызначыўся 14 галамі за 16 гульняў у чэмпіянаце і заняў пятае месца ў рэйтынгу.
Першым стаў Абдэрразак Амдала з „Аль-Іціхада” — у яго 21 мяч у 26 матчах.
Сабаленка выйшла ў 1/16 фіналу „Ралан Гарос”
Беларуска Арына Сабаленка святкавала другую перамогу на старце адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе. У паядынку другога раунда адзіночнага разраду другая ракетка свету за паўтары гадзіны абыграла дэбютантку турніраў „Вялікага шлема” – яшчэ адну беларускую тэнісістку Ірыну Шымановіч, у якой 214-я пазіцыя ў рэйтынгу WTA, – 7:5, 6:2. Наступнай суперніцай Сабаленкі будзе расіянка Каміла Рахімава, якая абыграла польку Магдалену Фрэш.
Протас закінуў шайбу, аднак „Хершы” саступіў у пятым матчы паўфінальнай серыі
У пятым матчы паўфінальнай серыі Кубка Колдэра (да чатырох перамог) „Хёршы” пацярпеў хатнюю паразу ад „Рочастэра” — 1:4. Беларускі форвард гаспадароў Аляксей Протас закінуў шайбу на 24-й хвіліне, зрабіўшы лік 1:2. Лік у серыі — 3:2 на карысць „Хёршы”.
Равенка перайшоў у „Юнацтва”
Беларускі форвард Ігар Равенка (1990) перайшоў у „Юнацтва”.
Пагадненне з форвардам разлічана на адзін сезон. Мінулы год Ігар правёў у „Гомелі”, згуляў 31 матч у рэгулярным чэмпіянаце і набраў 38 (9+29) выніковых балаў. У 4 матчах Кубка Прэзідэнта на яго рахунку 3 (1+2) ачкі. Стаў лепшым бамбардзірам каманды.
Плоніс выйграў бронзавы медаль на чэмпіянаце свету па тхэквандо
У сталіцы Азербайджана Баку працягваецца чэмпіянат свету па тхэквандо, на які пад нейтральным сцягам дапушчаны беларускія спартоўцы. У трэці дзень спаборніцтваў мужчыны разыгрывалі медалі ў вагавых катэгорыях да 80 і да 87 кг. У больш цяжкай вазе паспяхова выступіў беларускі тхэквандыст Арцём Плоніс. Супернікам Плоніса па паўфінальным паядынку стаў дзеючы чэмпіён Еўропы харват Іван Шапіна. Першы раунд упэўнена выйграў беларус 9:3, аднак два наступныя засталіся за прадстаўніком Харватыі. Такім чынам, Арцём Плоніс стаў уладальнікам бронзы, паколькі баі за трэцяе месца на чэмпіянатах свету не прадугледжаны.
Беларускае Радыё Рацыя