Шэсць клубаў прабіліся ў плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Услед за „Манчэстэр Сіці” і „Ляйпцыгам” у плэй-оф футбольнай Лігі чэмпіёнаў датэрмінова прабіліся яшчэ чатыры клубы. Чэмпіёны Германіі футбалісты мюнхенскай „Баварыі” ў 4-м туры групы А абыгралі на сваёй арэне турэцкі „Галатасарай” – 2:1. Для баварцаў гэта чацвёртая вікторыя запар. У сталіцы Даніі футбалісты „Капенгагена” з лікам 4:3 адолелі англійскі „Манчэстэр Юнайтэд”, саступаючы па ходу гульні 0:2 і 2:3. Таксама чацвёрты раз перамог лідэр квартэта С мадрыдскі „Рэал”, які разграміў у іспанскай сталіцы партугальскую „Брагу” – 3:0. Італьянскі „Напалі” на сваім полі не змог абыграць аўтсайдэра нямецкі „Уніён” – нічыя 1:1. Берлінскі клуб здабыў першы заліковы бал у Лізе чэмпіёнаў.
У групе D сталі вядомыя два ўдзельнікі 1/8 фіналу. Гэта міланскі „Інтэр”, які абыграў на выездзе аўстрыйскі „Зальцбург” – 1:0, і іспанскі „Рэал Сасьедад”, які перамог у Сан-Себасцьяне лісабонскую „Бенфіку” – 3:1. Для партугальцаў гэтая чацвёртая параза запар. Раней першымі ўдзельнікамі плэй-оф сталі англійскі „Манчэстэр Сіці” і нямецкі „Ляйпцыг”, якія выступаюць у групе G.

Панця – лепшы гулец 27-га тура чэмпіянату Беларусі

Юрый Панця прызнаны лепшым гульцом 27-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пачатку другога тайма гасцявога паядынку з мазырскай „Славіяй” 33-гадовы ўкраінскі абаронца гарадзенскага „Нёмана” выдаў галявы пас Ягору Зубовічу, а потым сам забіў мяч, усталяваўшы канчатковы лік – 2:0 на карысць „Нёмана”.
Аўтарам самага прыгожага гола мінулага ўік-энду стаў паўабаронца „Слуцка” Дзмітрый Гірс. На 6-й хвіліне гульні ў Наваполацку з „Нафтанам” ён здзейсніў сольны праход са сваёй паловы поля і эфектна забіў суперніку. Праўда, гэта не дапамагло яго камандзе – навапалачане здолелі здабыць валявую вікторыю з лікам 2:1.

Валейбалісты „Шахцёра” святкавалі другую перамогу ў сезоне расейскай Суперлігі

Валейбалісты „Шахцёра” выйгралі другі хатні матч запар у рэгулярным чэмпіянаце мужчынскай расейскай Суперлігі.
У сераду ў сталічным Палацы спорту „Уручча” гасцявалі валейбалісты ўфімскага „Урала”, якія, як і „Шахцёр”, пачалі сезон з двух паразаў і адной перамогі. Фінальны лік – 3:1 на карысць „Шахцёра”.
Дзякуючы гэтаму поспеху ў актыве салігарчан зараз пяць балаў за чатыры праведзеныя гульні. „Гарнякі” ўзняліся ў зону плэй-ін: наша каманда зараз займае 10-е месца сярод 16 клубаў Суперлігі.

Хакеісты „Шахцёра” закінулі восем шайб „Магілёву” ў матчы беларускай экстралігі

У сераду рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі працягнуўся адзіным матчам, які адбыўся ў Салігорску.
На лёдзе сышліся першая і апошняя на гэты момант каманды экстралігі – „Шахцёр” і „Магілёў”. У выніку 8:0 на карысць „гарнякоў”, хет-трыкам за якіх адзначыўся Арцём Дзямкоў, па тры выніковыя балы набралі Міхаіл Шалагін і Раман Крыкуненка. Гэта перамога для салігарчан ужо восьмая запар, дзякуючы гэтаму поспеху „Шахцёр” адарваўся ад „Віцебска”, які ідзе другім, на два ачкі, але ў паўночнікаў ёсць адразу дзве гульні ў запасе.

Беларускае Радыё Рацыя