Што будзе з коштамі на нафту?



Эканаміст Барыс Жаліба робіць прагноз таго, што будзе далей з коштамі на нафту.

Барыс Жаліба

Сёння кошты на нафту на таргах на біржах Паўднёва-Усходняй Азіі знізілася да 11-гадовага мінімуму. А што далей?

Барыс Жаліба: Кошты на нафту могуць зніжацца і надалей, бо ніводная з нафтаздабываючых краін не зніжае здабычу “чорнага золата”. Саудаўская Аравія б’е рэкорды, ЗША і Расея таксама не адстаюць, з нафтай выйшаў на рынак Іран, пасля таго, як з яго знялі санкцыі… Нафтавы рынак проста перанасышчаны, таму відавочна, што кошты могуць зніжацца і далей. Перспектывы для гэтага ёсць. Магчыма, што кошты наблізяцца да 30 даляраў за барэль. Гэта, безумоўна, толькі тэарэтычныя прагнозы, але, калі чытаеш эканамічныя звесткі пра тое, колькі барэляў у суткі здабываюць, то бачна, што зараз здабыча нафты ў свеце знаходзіцца на сваёй вышэйшай мяжы.

РР: Для Беларусі якія будуць наступствы ў сувязі з гэтым?

Барыс Жаліба: Нічога добрага. Са зніжэннем коштаў на нафту падаюць у кошце і беларускія нафтапрадукты. Рэнтабельнасць беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў даволі нізкая ў параўнанні з тым, што было раней. Таму зараз і вядуцца перамовы з Расеяй, каб купляць у іх нафту яшчэ танней.

РР: А на валютным курсе гэтая сітуацыя нейкім чынам адаб’ецца?

Барыс Жаліба: Натуральна. Трэць прыбытку краіна атрымлівае ад нафтапрадуктаў, таму валютныя паступленні будуць зніжацца, а беларускі рубель будзе дэвальвавацца і далей.

РР: Пры якіх умовах кошты на нафту могуць ізноў пайсці ўверх?

Барыс Жаліба: Калі краіны АПЕК дамовяцца паміж сабой. Гэтая ж арганізацыя і стваралася, каб вызначаць квоты па здабычы нафты ў кожнай краіне і не перавышаць іх, каб не перапаўняць сусветны рынак нафтай і зніжаць кошты на яе. Паглядзім, ці змогуць прыйсці да нейкай згоды, бо ў такой сітуацыі прайграюць усе нафтаздабываючыя краіны.

РР: Бюджэт на 2016 беларускі ўрад фарміраваў, зыходзячы з умоўнага кошту на нафту 50 даляраў за барэль. Ці не занадта аптымістычная лічба?

Барыс Жаліба: Мяркую, што лічба будзе перагледжана, у Расеі тое самае робяць. Відаць, беларускія чыноўнікі пры складанні бюджэту зыходзілі з сярэднеаптымістычнага прагнозу і – не больш за тое. Зараз беларуская эканоміка проста сядзіць на месцы і чакае з мора надвор’я – калі падымуцца кошты на нафту. А бачыце, як усё атрымліваецца на самай справе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя