Слонімская паэтка адзначае юбілей



Аўтар паэтычных зборнікаў „Спасціжэнне” (2003) і „Пагляджу вачамі неба”(2010) Ірына Войтка са Слоніма 23 кастрычніка адзначае юбілей.

Ірына Войтка

Нарадзілася паэтка ў 1961 годзе ў вёсцы Каралін Зэльвенскага раёна. У 1979 годзе скончыла Каралінскую СШ, а ў 1984 годзе — філалагічны факультэт БДУ.

Першы верш быў надрукаваны ў зэльвенскай газеце “Праца” у 1978 годзе.

Друкавалася таксама ў газеце “Чырвоная змена”, часопісах “ Маладосць”, “Роднае слова”, у зборніках “Бацькаўшчына”(2000),  “Сэрцам роднага слова краніся”(1998), “ Золак над Шчарай” (1994), “ Пад гукі паланэза” (2005) і іншых.

Кіруе літаратурным аб’яднаннем імя Анатоля Іверса пры раённай газеце „Слонімскі веснік”, супрацоўнічае з рэдакцыяй зэльвенскай раённай газеты „Праца”. Выступае з вершамі ў бібліятэках, школах, навучальных установах і працоўных калектывах.

Вершы паэткі прысвечаны роднай Беларусі, яна хораша апявае любоў да маці і да тых людзей, якія жывуць побач. Лірычная жаночая душа, умела выкарыстоўваючы тонкія пачуцці, заварожвае чытачоў любоўю да прыроды роднага краю, прымусіць суперыжываць разам з ёю, гаворачы пра каханне, навее прыемны роздум, разважаючы пра жыццё і чалавечае шчасце. Шмат паэтычных радкоў Ірына Войтка прысвячае роднай мове:

Хай бубняць і шыпяць на цябе языкі,

Хай зласліва паскрыпваюць зубы.

Як была ты – так будзеш ісці праз вякі,

Мы цябе не дапусцім да згубы.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя