Спробы нелегальна перасекчы беларуска-польскую мяжу не спыняюцца



30 асобаў спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу за мінулы дзень (13 ліпеня) праз польска-беларускую граніцу, паведаміла польская Памежная служба.

У прыватнасці, была выяўленая вялікая група з 21 чалавека, грамадзян Емена, Егіпта і Сірыі, якія перайшлі на польскі бок праз водмель на рацэ Свіслач. Іншаземцы прыехалі ў Беларусь з Расеі.

Будаўніцтва агароджы на мяжы павінна быць завершана да сярэдзіны ліпеня. Да восені таксама павінна быць гатова электронная сістэма аховы — сістэма камер і дэтэктараў.

Як паведамлялася, у канцы чэрвеня перасталі дзейнічаць палажэнні аб часовай забароне на знаходжанне ў 183 памежных з Беларуссю мястэчках Падляшскага і Любельскага ваяводстваў.

З 1 ліпеня па 15 верасня на Падляшшы дзейнічае забарона набліжацца да польска-беларускай мяжы на 200 метраў, якую выдаў ваявода. Забарона дзейнічае на тэрыторыі ўсяго Падляшскага ваяводства, за выключэннем участкаў дзяржаўнай мяжы, якія праходзяць па памежных рэках.