Створаны стыкерпак у падтрымку палітзняволеных жанчын
Масавы жаночы пратэстны рух паўстаў 12 жніўня ў 2020 годзе, калі ў Менску беларускі ў белым упершыню сталі ў счэпку.
На жаль, шмат хто з іх цяпер за кратамі, адзначае прадстаўніца „Майстэрні” Дар’я Рублеўская:
– Мы захапляліся тым, якія яны моцныя, іх памкненнем штосьці мяняць. Мы ўсё яшчэ захапляемся тым, як яны працягваюць працаваць на змены ў грамадстве. Наш салідарны абавязак у тым, каб падтрымліваць жанчын, якія апынуліся за кратамі.
Таму “Майстэрня” прапануе дасылаць палітзняволеным жанчынам паштоўкі салідарнасці разам са стыкерпакам — наборам пяшчотных налепак, які валанцёры „Майстэрні” будуць укладаць у лісты:
– Гэты стыкерпак стварала дзяўчына, якая чатыры разы сядзела на сутках у Беларусі за ўдзел у жаночых маршах пратэсту. Ён як раз створаны для жанчын, ён такі вельмі пяшчотны, ён утвораны на падставе гісторыях тых жанчын, якія чытала наша аўтарка-дызайнерка гэтых паштовак. Га адным з гэтых малюнкаў ёсць яна, яна намалявала сябе.
„Майстэрня паштовак салідарнасці”— зручны спосаб напісаць палітзняволеным анлайн. Для гэтага варта напісаць словы падтрымкі праз анлайн-форму “Майстэрні”, а валанцёркі і валанцёры “Майстэрні” перапішуць іх уласнаруч і ўкладуць у канверт новы стыкерпак.
Беларускае Радыё Рацыя