Сярэднемесячны заробак зменшыўся ва ўсіх галінах гаспадаркі



За 7 месяцаў памер сярэдняга заробка на Гарадзеншчыне склаў 5 мільёнаў 796 тысяч рублёў.

Грошы

Рэальны заробак, разлічаны з улікам спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі ў студзені-ліпені зменшыўся больш чым на 4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году.

Налічаны сярэднемесячны заробак зменшыўся ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, што па словах прафсаюзнага актывіста Віктара Стукава ў вялікай ступені з’яўляецца следствам адсутнасці незалежных прафсаюзаў у рэгіёне:

– Людзі не могуць аб’яднацца ў прафсаюз такі, які будзе абараняць іх інтарэсы. З гэтага выцякае ўжо парушэнне ўсіх гэтых інтарэсаў і на працоўнае месца, аплата годная, права самому абраць месца працы таму, што не звальняюць людзей. Больш правоў надаецца наймальніка, начальнікам, якія могуць маніпуляваць работнікам.

Спіс намінальна налічанага сярэдняга заробку ў Гарадзенскай вобласці ўзначальваюць прадстаўнікі фінансавай дзейнасці, якія штомесяц атрымліваюць больш 10,5 мільёнаў рублёў. Сярэдні заробак у будаўніцтве перавышае 7 мільёнаў. Найтанней на Гарадзеншчыне аплочваецца дзейнасць па арганізацыі адпачынку, культуры і спорту – 4 мільёны 169 тысяч рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня