Таццяна Грыневіч: Вельмі хачу, каб Беларусь была беларускай



Беларуская спявачка і бард Таццяна Грыневіч амаль два месяцы гастралявала па гарадах ЗША і сустракалася там з беларусамі. У 2020 годзе яе называлі ў Менску “скрыпкай беларускага пратэсту” за самаадданыя выступы на плошчы Незалежнасці ў Менску. Яна з’яўлялася своеасаблівай натхняльнай сілай, якая аб’ядноўвала беларусаў падчас мірных пратэстаў супраць дыктатуры. Таццяна ўжо вярнулася з амерыканскіх гастроляў у Турцыю, дзе  часова пражывае, і наш карэспандэнт пагутарыў з ёй пра ЗША, пра сустрэчы з беларусамі і пра ўсё тое, што яна там убачыла, з кім сустракалася, пра што думае.

Гутарку Таццяна Грыневіч пачала першая:

– Я прыехала 14 красавіка ў Нью-Ёрк, каб святкаваць разам з праваслаўнымі беларусамі Вербную нядзелю, Чысты чацвер і Пасху. Усе гэтыя службы я адспявала з хорам у саборы Кірыла Тураўскага ў Брукліне. Пасля былі сустрэчы з беларусамі Маямі, Х’юстана, Осціна, Мінеапаліса, Чыкага, Бостана, Вашынгтона, Філадэльфіі, Нью-Ёрка і апошняй стала сустрэча ў Сан-Францыска. Такія вандроўкі для мяне, як урок геаграфіі, знаёмства з краінай. Цікава было пабачыць раку Місісіпі – магутную, паўнаводную, хуткую; бізонаў у прыродным парку; вадаспады, возера Мічыган, Атлантычны і Ціхі акіяны. Здавалася мяне нічога не зможа здзівіць, бо я заўжды шмат вандравала, але горад Сан-Францыска аказаўся незвычайным са сваімі стромкімі вулачкамі, старымі трамвайчыкамі. І вельмі прыемна было сустрэць беларусаў, якія яшчэ некалькі гадоў таму жылі сваім жыццём, не надаючы вялікай увагі краіне, з якой з’ехалі, а падчас выбараў і пратэстаў яны выйшлі, аб’ ядналіся, вярнуліся да мовы, да сімвалаў, да культуры. Пасля такіх сустрэч разумееш, што Беларусь жыве і будзе жыць. Асабліва, калі сустракаешся з беларускамоўнымі дзеткамі, а таксама, калі бачыш, што беларускія пытанні вырашаюцца на высокім узроўні, пішуцца петыцыі ў Кангрэс ЗША, на афіцыйным мясцовым узроўні зацвярджаецца і адзначаецца Дзень Волі, уздымаецца бел-чырвона-белы сцяг каля мэрыі і г.д.

– А што найбольш парадавала ў ЗША?

– Парадаваў жыццёвы ўзровень нашых людзей, кожны беларус цяжка працуе, але і жыве ў дастатку. Як расейцы дзівіліся наяўнасці ўнітазаў у кожнай хаце ва Украіне, то тут я дзівілася унітазам з падагрэвам, электронным рамкам для фотаздымкаў, у якіх увесь час змяняюцца фотаздымкі, электрычным аўтамабілям Тэсла, якімі не абавязкова кіраваць, бо яны самі цябе вязуць. Ёсць куды імкнуцца і нам, калі Беларусь будзе вольнай.

– А як адбываліся сустрэчы з беларусамі?

– Самым каштоўным для мяне заўжды былі і застаюцца сустрэчы з беларусамі, гэта і сумесныя спевы, гульні ды танцы, і проста размовы пра жыццё, бо ў Турэччыне, дзя я жыву, вакол адны туркі, Яны таксама добрыя, але хочацца гутарак са сваімі, роднымі, блізкімі па духу людзьмі. Я не першы раз вандрую па Амерыцы, і мяне заўжды прыемна здзіўляла ранейшая эміграцыя для якой нашая мова, сімволіка, гісторыя былі натуральнай справай, неразрыўна звязанай з іхнім жыццём. На Купаллях, Калядах ўсе былі ў народных строях, заўжды спявалі народныя песні, таньчылі народныя танцы. У Беларусі такога было менш, але мы з сябрамі імкнуліся да вяртання беларускай спадчыны ў народ, шмат працы было зроблена на гэтай ніве, а пасля 2020 года пачалося больш імклівае адраджэнне. За мяжой гэта ўсё адбываецца лягчэй, у Беларусі пад акупацыяй цяжэй, але мы ўсё ж прачнуліся!..

– Спадарыня Таццяна, акрамя спеваў і танцаў сярод беларусаў ЗША, чым Вы яшчэ займаліся?

– Падчас вандроўкі я не губляла час дарма – збірала жаўнерскія, народныя песні, ноты, словы, і цяпер маю багата матар’ялаў для далейшай працы. Таксама паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш дапамог перавесці ў лічбавы фармат дарагую мне касету з беларускай азбукай для маленькіх дзетак, падзяліўся са мной народнымі песнямі XIX стагоддзя, якія сабраў Міхал Федароўскі. На сваім ютуб-канале я ўжо выклала калыханку з гэтага зборніка, азбуку, неўзабаве буду выкладаць астатнія сабраныя песні. Вандруючы ўвесь час старалася рыхтаваць і выстаўляць новыя песні. Такім чынам у Маямі разам з сяброўкай і ейнай дачкой за шэсць дзён падрыхтавалі і заспявалі ўтрох песню „Тата”, таксама дапрацавалі ролікі раней запісаных народных дзіцячых песень. І цяпер толькі застаецца адно пытанне: як данесці ўсю зробленую мной працу да беларусаў. Мой пасыл, мая галоўная ідэя – каб Беларусь была беларускай, каб родная мова была адзінай, каб нашая краіна Беларусь была вольнай.

– З кім з вядомых беларусаў ЗША Вы, спадарыня Таццяна, яшчэ сустракаліся?

-Былі і сумныя сустрэчы. 30-31 траўня я патрапіла на развітанне і пахаванне беларускага гісторыка, публіцыста і грамадскага дзеяча Янкі Запрудніка. Пахаванні ў Амерыцы вельмі адрозніваюцца ад беларускіх тым, што тут прысутныя не знаходзяцца ў глухой жалобе, тут можна ўбачыць і ўсмешку, і пачуць размовы не звязаныя з тым, што адбываецца, могуць быць нават вясёлыя ўспаміны пра нябожчыка. Там жа я сустрэлася з нашым спеваком і журналістам Данчыкам (Багданам Андрусішыным). Ён ужо не спявае. Але я, можна сказаць, за гэтыя гады праспявала амаль ўвесь ягоны беларускамоўны  рэпертуар.

Сустрэлася з доктарам хіміі і беларускай грамадскай дзеячкай Алай Орса-Рамана, якая ў свой час спявала ў хоры Равенскага, а пасля была кіраўнічкай танцавальнага гуртка „Васілёк”. Мы з ёй у вольны час шмат музыцыравалі, спявалі разам. Адзін раз, нават, у краме зацягнулі “Купалінку” на два галасы…

А насамрэч пра ўсё не раскажаш, тут можна цэлую кнігу пра падарожжа па ЗША напісаць, бо вельмі шмат уражанняў  і ад цудоўных беларусаў, і ад цудоўнай Амерыкі.

Беларускае Рацыя Рацыя