“Тройка” ў Бельску-Падляшскім адзначыць сваё 50-годдзе
Пачатковая школа з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім – папулярная “тройка” – 12 траўня будзе святкаваць юбілей – 50-годдзе. У кастрычніку 2005 года школе нададзена імя заснавальніка і першага дырэктара Яраслава Кастыцэвіча. Для Яраслава Кастыцэвіча было важна, каб гэта была беларуская школа, якая б вызначалася высокім узроўнем выкладання. Ці гэта традыцыя захоўваецца? Гаворыць настаўніца беларускай мовы Валянціна Бабулевіч:
– Мяне прымаў на працу, на маё вялікае шчасце, дырэктар Ляшчынскі. Я яго ўспамінаю як цудоўнага чалавека. Ён навучыў мяне працаваць. Я выкладаю беларускую мову ўжо 25 гадоў.
РР: Бельская “тройка” – школа незвычайная, заснавальнік якой Яраслаў Кастыцэвіч, ставіў перад ёй дзве задачы – высокі узровень выкладання і беларускасць.
Валянціна Бабулевіч: Гэтую ідэю пераняў дырэктар Суліма, а пасля яго і дырэктар Ляшчынскі.
РР: Навучанне беларускай мове зараз з’яўляецца нялёгкай справай, бо у школу прыходзяць дзеці, якія часта не валодаюць ёй і нават не з’яўляюцца беларусамі.
Валянціна Бабулевіч: Заўсёды ў “тройку” прыходзілі дзеці, якія не ведалі беларускай мовы. А зараз я маю вучняў – шчырых, адданых беларусаў, якія вучылі беларускасці нават сваіх бацькоў. Памятаю нават словы аднаго бацькі, якія жартам сказаў: “Усё магчыма, але, каб мой сын пачаў размаўляць са мной па-беларуску, калі мы былі ў краме, то гэта ўжо нешта.” Гэта мне было вельмі прыемна пачуць.
Сітуацыі былі розныя, але што важнае ў Тройцы? Наш дырэктар спадар Ляшчынскі вельмі добра разумеў сваю справу. Мы ніколі дзецям не гаварылі: памятайце, вы – беларусы. Калі дзіця прыходзіла ў школу і гаварыла, што адчувае сябе палякам, мы стараліся, каб яно само дайшло да сваіх каранёў. Бо зразумела, што запісваліся ў “тройку” па розных прычынах. І многія з самага пачатку навучання вельмі неахвотна вучыліся, казалі: а навошта мне гэтая беларускасць? Да гэтага трэба падыходзіць вельмі далікатна. Трэба дзецям проста шчыра выкладаць, а высновы яны зробяць самі. Я старалася, каб нашая беларускасць абапіралася не толькі на фальклор. Бо фальклорам звычайна цікавіцца толькі некалькі асобаў. А калі маем клас па 30-36 асобаў, то ўсіх дзяцей трэба зацікавіць. Я пераканалася, што яны вельмі любяць слухаць пра тое, хто яны, адкуль іхныя карані.
РР: Тры гады школа мае новага дырэктара. Ці застаецца ў школе надалей гэты дух Кастыцэвіча і ці надалей школа ідзе ў кірунку беларускасці і высокага ўзроўню выкладання?
Валянціна Бабулевіч: Выкладанне і беларускасць, паводле мяне, мусяць стаяць на адным узроўні. Толькі тады “тройка” застанецца “тройкай”. І гэтага нельга страчваць. Мы так існуем ужо 50 год! І калі ў іншых школах існуе праблема з колькасцю дзяцей, то ў нас ніколі гэтага не было. Толькі павялічвалася колькасць. Гэта сведчыць пра тое, што жыхарам Бельска гэта адпавядае.
Што мне заўсёды падабалася ў маёй школе? Заўсёды былі вельмі добрыя стасункі паміж дырэкцыяй, настаўнікамі, бацькамі і вучнямі.
РР: Будуць чарговыя 50 год?
Валянціна Бабулевіч: Гэта мая мара! На шчасце, пакуль ёсць дзеці. Настаўнікі ў нашай школе ужо шмат гадоў не мяняліся, многія працуюць па 20-30 год. Калі мы не страцім гэтай адданасці працы, тады будзе “тройка”. Я думаю, што мы даволі добра падрыхтавалі нашых вучняў. І калі мы сыдзем, прыйдуць нашыя выпускнікі. Калі “тройка” не захаваецца на Беласточчыне такой, як была заўжды, то , па-сутнасці, не будзе навучання беларускай мове. І беларускасць на Беласточчыне страціць вельмі шмат. Калі “тройка” застанецца “тройкай”, то беларускасць на Падляшшы не згіне. Маем шмат цудоўных людзей. Калі нашыя вучні лепшыя і мудрэйшыя за нас – гэта вельмі добра. Значыць я сваю працу выканала добра. Калі я сустракаю сваіх былых вучняў, яны заўсёды прывітаюцца і размаўляюць са мной па-беларуску. А гэта значыць, я ўсё рабіла правільна.
Урачыстасці, прымеркаваныя да юбілею школы, адбудуцца ўжо 12 траўня.
А 13 траўня вучні рыхтуюць адмысловую артыстычную частку пад загалоўкам “Мінула 50 гадоў”.
Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bielsk-podlaski.pl