Тры беларускі ў паўфінале парнага US Open



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч і славачка Вікторыя Кужмава прабіліся ў паўфінальную стадыю адкрытага чэмпіянату ЗША. У чвэрцьфінальным матчы з канадкай Габрыэлай Даброўскі і кітаянкай Сюй Іфань беларуска-славацкі тандэм прайграў першую партыю 2:6, а затым узяў два сэты – 6:3, 6:3. У гульні за выхад у фінал Сасновіч і Кужмава сустрэнуцца з беларуска-аўстралійскай парай Азаранка/ Барці. Беларуска Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мёртэнс згуляюць у паўфінале з пераможцам чвэрцьфінальнага матчу паміж амерыканскім дуэтам Кэралайн Доулхайд / Ваня Кінг і ўкраінска-латвійскім тандэмам Людміла Кічанок / Алена Астапенка.

У жаночым адзіночным разрадзе ў паўфінале шасціразовая чэмпіёнка US Open амерыканка Серэна Уільямс будзе супернічаць з 5-й ракеткай планеты ўкраінкай Элінай Світолінай. Швейцарская тэнісістка Белінда Бенчыч, адолеўшы Донну Векіч з Харватыі 7:6, 6:3, прабілася ў паўфінал, дзе яе наступнай скперніцай стане пераможца пары Б’янка Андрэеску – Элізэ Мёртэнс. У першым паядынку за выхад у фінал мужчынскага адзіночнага разраду расеец Данііл Мядзведзеў згуляе з балгарынам Рыгор Дзімітравым.

 

Беларусы стартавалі на чэмпіянаце Еўропы па настольным тэнісе

Мужчынская зборная Беларусі па настольным тэнісе паспяхова пачала выступы на камандным чэмпіянаце Еўропы ў французскім Нанце. У першым матчы папярэдняй групы Уладзімір Самсонаў, Павел Платонаў і Аляксандр Ханін разграмілі каманду Люксембурга з сухім лікам 3:0. Лёс адзінай пуцёўкі ў чвэрцьфінал вырашыцца ў сустрэчы зборных Беларусі і Англіі. Жаночая каманда Беларусі, за якую выступаюць Дарʼя Трыгалас, Надзея Багданава і Аліна Нікітчанка, у першай гульні групы С саступіла зборнай Бельгіі – 1:3. Сёння беларускі будуць супернічаць з камандай Вугоршчыны, якія разграмілі бельгіек з лікам 3:0.

 

Другая параза запар «зуброў» у новым сезоне КХЛ

Хакеісты менскага «Дынама» пацярпелі другую паразу на старце чэмпіянату КХЛ, саступіўшы ў Маскве мясцовым аднаклубнікам. Гульня паміж двума дынамаўскімі дружынамі прайшла ў напружанай барацьбе. Лік быў адкрыты ў канцы першага перыяду, калі адзначыўся фінскі форвард менчукоў Цеему Пулкінен. У пачатку другой трэці матчу гаспадары атрымалі колькасную перавагу, і Вадзім Шчыпачоў зраўняў лік, а праз 26 секунд Дзмітрый Майсееў вывеў масквічоў наперад. Пасля гэтага «зубры» двойчы гулялі ў большасці, але не змаглі пакараць супернікаў за парушэнні правілаў. На першай хвіліне трэцяга перыяду Вячаслаў Кулемін павялічыў перавагу гаспадароў, аднак на 51-й хвіліне Андрэй Касціцын рэалізаваў колькасную перавагу, скараціўшы адставанне менчукоў да мінімуму, але большага падначаленыя Крэйга Вудкрафта дамагчыся не змаглі 2:3. Наступны паядынак рэгулярнага чэмпіянату КХЛ «зубры» правядуць заўтра ў гасцях у хакеістаў «Сочы».

 

Тры золата выйгралі беларускі на чэмпіянаце свету па шашках-64

Беларускія спартоўцы заваявалі восем узнагарод у бліц і рапідзе на чэмпіянаце свету па шашках-64, які праходзіць у Балгарыі. На вышэйшую прыступку пʼедэстала гонару ў рапідзе ўзнялася беларуска Дарʼя Федаровіч. Другое месца заняла яе партнёрка па камандзе Вера Хвашчынская. У мужчын залаты медаль у гэтай дысцыпліне заваяваў беларус Ігар Міхальчанка. У вокамгненнай праграме ўвесь пʼедэстал занялі беларускі. Чэмпіёнкай стала Яна Якубовіч. На другім месцы размясцілася Дарʼя Федаровіч, на трэцяй пазіцыі – Вера Хвашчынская. Срэбра беларускай камандзе ў бліцы прынёс Ігар Міхальчанка, бронзу – Андрэй Валюк. На вышэйшую прыступку пʼедэстала гонару ўзняўся расеянін Дзмітрый Цынман.

 

Сербія прайшла ў паўфінал чэмпіянату Еўропы па валейболе

Валейбалісткі зборнай Сербіі сталі першымі ўдзельніцамі паўфінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы. У першым чвэрцьфінале дзеючыя чэмпіёнкі кантынента абыгралі ў Анкары каманду Балгарыі з сухім лікам 3:0. У паядынку за выхад у фінал сербскія валейбалісткі сустрэнуцца з камандай Італіі, якая ў польскай Лодзі абыграла зборную Расеі 3:1.

Беларускае Радыё Рацыя