Цэнтрвыбаркам і суды ігнаруюць Канстытуцыю
Рух «За свабоду» стварае ў краіне судовы прэцэдэнт. Яны вылучалі сваіх кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў па спісе, спасылаючыся на артыкулы 5,69 і 137 Канстытуцыі, дзе чытаем, што кандыдатаў маюць магчымасць вылучаць не толькі палітычныя партыі, але і грамадскія арганізацыі.
Выбарчыя камісіі ў рэгістрацыі адмаўлялі, бо ў Выбарчым кодэксе гаворка ідзе пра «палітычныя партыі, зарэгістраваныя Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь». Суды, дзе прадстаўнікі руху «За Свабоду» абскарджваюць рашэнні камісій, – становяцца на бок выбаркамаў. Прайсці ўсе этапы, такія задачы ставіць перад сабой «Рух за Свабоду», нагадвае яго лідар Юрась Губарэвіч:
– Ствараем тут пэўны прэцэдэнт, чакаем, што дзяжорганы самі адрэагуюць. Будзем звяртацца і ў Канстытуцыйны суд, калі не будзе самастойнай рэакцыі. І будзем патрабаваць і ад будучага склада Палаты прадстаўнікоў разгляду дадзенай калізіі. Бо неабходна альбо меняць Канстытуцыю, альбо прыводзіць Выбарчы кодэкс у адпаведнасць з Канстытуцыяй. Бо такога розначытання не павінна існаваць.
Беспадстаўныя адмовы ў рэгістрацыі прадстаўнікі руху «За свабоду» абскаржваюць у судах. І нават гатовыя дайсці да Камітэта ААН па правах чалавека. Таксама плануюць звяртацца да новаабранай Палаты прадстаўнікоў, каб тая вырашыла неадпаведнасць Канстытуцыі і выбарчага заканадаўства.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя