Ці патрэбны падчас выбараў „карлікавыя” кандыдаты?
„Калі няма выбараў, то не выпадае абмяркоўваць і кандыдатаў”, – лічыць палітолаг Сяргей Нікалюк.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі-2015 ізноў чакаецца парад кандыдатаў. Ужо можна налічыць каля дзесяці чалавек, якія заявілі аб сваім жаданні ўдзельнічаць у выбарах у якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Каму неабходны “карлікавыя” прэтэндэнты, калі яны па сутнасці нічога не вырашаюць?
Сяргей Нікалюк: Па-першае, хачу сказаць, што я не разглядаю выбары, як падзею. Падзея – гэта крыху іншае. Вось у 2010 годзе выбары ў нейкім сэнсе былі падзеяй. Тады назіралася пэўная лібералізацыя, але падчас выбараў, як сказалі прадстаўнікі ўлады, “за сем з паловай хвілін ачысцілі плошчу” і адначасова ліквідавалі лібералізацыю. Таму сёння выбараў няма. І не таму, як кажа апазіцыя, што няправільна лічаць галасы. Выбараў няма прынцыпова. Бо з аднаго боку ёсць апаненты ўлады, а здругога галоўны кандыдат – ад дзяржавы. І на выбарах апазіцыйным кандыдатам супрацьстаіць не спадар Лукашэнка, а ўся дзяржава. На чыім баку ў гэтай сітуацыі, скажам, будзе міліцыя ці КДБ? Адказ відавочны.
РР: Вы мяркуеце, што ў сілу гэтага кампанію і нельга называць выбарамі?
Сяргей Нікалюк: Так. Там дзе выбары сапраўдныя, іх мэта – пошук новых шляхоў развіцця. Туды прыходзяць людзі са сваімі праграмамі, а народ выбірае нават не кандыдатаў, а тое, што тыя прапаноўваюць. У нас жа гэта называецца “справаздачай улады перад народам”, людзі ізноў будуць радавацца жыццю і гэтай слаўнай справаздачы. У Беларусі ёсць мясцовыя выбары, парламенцкія і прэзідэнцкія. І толькі прэзідэнцкая кампанія праходзіць ва ўмовах моцнай мабілізацыі электарата (гэта фіксуе і сацыялогія). Парламенцкія і мясцовыя выбары заўсёды сумныя. Дык вось мой прагноз, што такімі ж могуць быць і прэзідэнцкія ў гэтым годзе.
РР: Чаму?
Сяргей Нікалюк: Таму што ўсе папярэднія мабілізацыйныя кампаніі будаваліся на рапартах аб дасягненнях і поспехах. На гэты раз поспехаў няма.
РР: І ўсё ж-такі, калі звяртацца да пытання “карлікавых” кандыдатаў ад апазіцыі. Іх роля ва ўсім гэтым спектаклі?
Сяргей Нікалюк: Я гэтым пытаннем наогул не цікаўлюся. Як ужо казаў, выбараў няма, а апазіцыя не ў стане прапанаваць нейкі іншы від дзейнасці, як толькі ўдзел у выбарчай кампаніі. Тут яна выконвае задачы, якія неабходны ўладзе. Мяркую, што ў гэты раз яна іх таксама выканае.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя