Ціханоўская запісала зварот з нагоды трэцяй гадавіны затрымання яе мужа
Сёння спаўняецца тры гады, як за кратамі знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі. Блогера затрымалі ў Гародні 29 мая 2020 года на перадвыбарчым пікеце. З гэтай нагоды Святлана Ціханоўская запісала відэазварот, у якім прызнаецца ў любові да мужа і дзякуе беларусам за падтрымку.
Ціханоўская кажа, што заўсёды носіць з сабою тэчку з фатаграфіяй мужа. Калі суразмоўцы пытаюць яе, як маецца Сяргей, яна не ведае, што адказаць. «Я не ведаю, ці жывы ён. Ужо тры месяцы пра Сяргея няма ніякай інфармацыі», – гаворыць яна. «Цяпер у турмах з палітвязнямі робяцца сапраўдныя жахі. Нядаўна з-за праблем з сэрцам памёр Мікалай Клімовіч. Уладзімір Гундар цалкам аглух у карцары, а Вікторыю Кульшу душыў наглядчык. Я чытаю жудасныя навіны штодня, і ў гэты момант думаю пра Сяргея», – сказала яна.