У актывісткі апазіцыі Кавальковай арыштаваныя рахункі з-за штрафаў



Судовыя выканаўцы патрабуюць ад сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Вольгі Кавальковай адначасова аплаціць штрафы за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці Беларусі. Арышт накладзены на яе рахункі і аўтамабіль.

Акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй прайшлі ў снежні 2019 года. Кавалькова была аштрафаваная на 2.800 рублёў, невялікую частку (170 рублёў) ёй удалося сабраць на краўдфандынгавай платформе, частку яна аплаціла са сваіх сродкаў.

„Я накіравала хадайніцтва аб растэрміноўцы і не атрымала адказу. Магчымасцяў абскардзіць і па тэрмінах ужо няма, акрамя таго, па палітычных рашэннях гэта нерэальна”, — заявіла БелаПАН актывістка.

Паводле слоў Кавальковай, у яе заблакаваныя карткі, з якіх знятыя сродкі, у тым ліку заробак у поўным аб’ёме, арыштаваны, але пакуль не канфіскаваны аўтамабіль, накіраваны ліст на працу. У цэлым аплачана каля 30% штрафу (800 рублёў), застаецца 2.000 рублёў. Стаўленне да палітычных актывістаў у такой сітуацыі ў цэлым больш жорсткае, „відаць, што гэта загад зверху” з мэтай націску, лічыць Кавалькова.

„Праз дзень мне ў вайбер піша судовы выканаўца з пытаннем, колькі я аплаціла. Яна кажа, што ў мяне забяруць правы, забароняць выезд за мяжу, выкарыстоўвае такія выразы, як: „Вы ж разумееце, як ставяцца да такіх, як вы”, — апісала сітуацыю сустаршыня аргкамітэта БХД.

„Мы не парушальнікі. Гэта палітычныя рэпрэсіі, якія закранулі не толькі мяне, але і ўсіх, хто выйшаў на вуліцу ў снежні 2019 года. У гэтыя складаныя часы дзяржава павінна даць магчымасць растэрміноўкі, не аказваць націск на актывістаў і не адбіраць у іх апошняе”, — лічыць Кавалькова.

Яна мае намер паэтапна плаціць штрафы з заробку, а таксама чакае большай салідарнасці ад беларусаў, у тым ліку з іншымі аштрафаванымі.

belapan.by

Фота з фэйсбука Вольгі Кавальковай