У Беларусі ўводзяцца абмежаванні на наведванне лясоў



Часовыя правілы ўжо дзейнічаюць ў чатырох раёнах Менскай вобласці, трох раёнах Гарадзенскай і ў адным раёне Гомельскай вобласці. У Міністэрстве лясной гаспадаркі прагназуюць, што да канца тыдня абмежаванні і забароны могуць закрануць усю краіну, бо ідзе анамальная спякота.

Па словах ратавальніка Аляксандра Мініча, грамадзяне, калі знаходзяцца ў лясной мясцовасці, павінны ўсведамляць, якую яны могуць зрабіць бяду:

– Агонь гэта не вада: ад яго на лодцы ня уплывеш, ў сховішчы не схаваешся, таму заходзячы ў лясны масіў я хацеў бы, каб усе нашыя грамадзяне разумелі пра тое, што любая непатушаная цыгарэта можа пацягнуць за сабой вельмі сур’ёзную бяду. І на жаль практыка ўжо ў гэтым годзе паказвае, што пачынаецца ўсё з палення травы, калі чалавек думае што ён спальвае смецце ў агародзе, а заканчваецца спаленым жыллём. Хачу звярнуць увагу ўсіх нашых грамадзян- трэба трошкі ўважлівей ставіцца да таго, што ты робіш.

За чэрвень у краіне адбылося 177 прыродных пажараў і гэта пры тым, што амаль палову месяца па ўсёй краіне дзейнічала забарона на наведванне лясоў.

Беларускае Радыё Рацыя