У Беластоку адкрылі помнік „Ягелоніі”



На гарадскім стадыёне ў Беластоку паўстаў помнік футбольнай камандзе „Ягелонія”. Манумент увасабляе постаці дзвюх знакавых асобаў – легендарнага футбаліста Антонія Каменда-Бароўскага, які быў першым гульцом за зборную Польшчы з Падляшша і Юльяна Бухціка – афіцэра 42 палка пяхоты, футбаліста і трэнера „Ягелоніі”, які быў закатаваны ў Катыні ў 1940 г.

Пра помнік, які паўстаў з нагоды 100-годдзя футбольнага клубу, расказвае адзін з ініцыятараў яго ўсталявання Пшэмыслаў Цесарэк:

– Ідэя з’явілася ў 2018 г. Мы сустракаліся з заўзятарамі і абмяркоўвалі формы святкавання 100-годзя „Ягелоніі”, помнік быў адным з іх. Мы хацелі паказаць маладому пакаленню гісторыю.

Што адметна, усю суму на ўсталяванне помніка, якая складае 260 000 злотых, сабралі самі заўзятары „Ягелоніі”. У зборы сродкаў узяло ўдзел 770 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя