У Літве падлічылі беларусаў, якія пераехалі ў іх краіну



Колькасць беларусаў, якія працуюць у Літве, вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 16%, паведамляе рэсурс „Позірк” са спасылкай на літоўскую службу занятасці.

Толькі за першыя паўгода ў суседняй рэспубліцы знайшлі працу 10 тысяч 700 грамадзян Беларусі. Гэта другі паказчык пасля выхадцаў з Украіны. З пачатку года тут працаўладкаваліся 18 тысяч 600 украінцаў.
Раней Дэпартамент міграцыі Літвы паведамляў, што ў першым паўгоддзі пасведчанне на права жыхарства ў краіне атрымалі 10 тысяч 100 беларусаў, у апрацоўцы знаходзіцца яшчэ каля 4,5 тысяч зваротаў.

Большасць беларусаў, якія атрымалі пасведчанне на права жыхарства ў Літве, перабраліся ў суседнюю краіну з-за рэпрэсій, лічыць аналітык Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Максімас Мілта. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю мясцоваму тэлебачанню. Яшчэ адной прычынай рэлакацыі беларусаў у Літву, на яго думку, стала вайна ва Украіне.

Беларускае Радыё Рацыя