У Лодзі ўшанавалі расстраляных у Беларусі 85 гадоў таму



29-га кастрычніка ў бібліятэцы „Вольнасць” у Лодзі, як і шмат у якіх іншых гарадах замежжа, прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да трагічнай даты масавага расстрэлу беларускай інтэлегенцыі ў 1937 годдзе. Сёлета споўнілася 85 год з той страшнай ночы, тым не менш у незалежнай краіне Беларусь сталінскія рэпрэсіі не асуджаныя дагэтуль, бо сённяшняя ўлада Беларусі ёсць пераемніцай камуністычнага ладу. Архівы дагэтуль хаваюць праўду і ад нашчадкаў рэпрэсаваных, і ад даследчыкаў, і ад ўсіх нас. А без пакаяння, прызнання фактаў зланчынстваў тых часоў, гісторыя, як часта бывае, паўтараецца.
На вечарыне памяці чыталі вершы (не)расстраляных паэтаў, паглядзелі відэарасповед пра іх жыццё і творчасць, абмеркавалі сучасную беларускую сітуацыю.

Адзін удзельнік прыйшоў з гітарай і праспяваў „Ты помнiш” Юрыя Таўбіна, пакладзены на музыку Лявонам Вольскім.

Разважаючы пра пераемнасць і ўплыў гістарычных падзеяў на сучаснае пакаленне, прыгадалі, як адгукнулася рэха Курапатаў у вершы Анатоля Сыса, паэта адраджэння другой паловы 80- 90-х гадоў, заўчасна сышоўшага з жыцця:

Адпусціце мяне, Курапаты,
нават з куляю ў галаве,
да дзяцей, да жаны, да хаты.
Як там бацькаўшчына жыве?

Як там сад мой? Абрыдлі сосны,
нават камень не ўлежыць ніц.
Я вярнуся, такі ўжо лёс мой –
плакаць жвірам з пустых вачніц.

Адпусціце мяне да хаты.
Як жа так – прапусціць сяўбу?
Я ж да смертухны быў аратым,
я ж прашуся не на гульбу.

А ў залог вам пакіну кулю,
і – дадому, у Журавы!
Зайду ў двор, абдыму матулю,
пацалую, нібы жывы.

Традыцыйна напрыканцы кастрычніка на радзіме паэта ў Гарошкаве праходзіла вечарына, прымеркаваная да дня нараджэння паэта 26 кастрычніка, але цяпер любая актыўнасць на радзіме пад забаронай.

Яніна Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя