У Менску быў затрыманы Зміцер Дашкевіч (абноўлена)



Як стала вядома, Зміцер Дашкевіч вызвалены з будынка Першамайскага РУУС сталіцы.

* * *

У Менску ў раёне Камароўскага рынку затрыманы адзін з лідараў зарэгістраванага ў Чэхіі грамадскага аб’яднання «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч, паведаміла яго жонка Анастасія Дашкевіч.

Змітра Дашкевіча зацягнулі ў мікрааўтобус, за якім ехала міліцэйская машына, паведаміла яна. Дзе зараз знаходзіцца Дашкевіч, невядома.

Сёння Дашкевіч планаваў прыняць удзел у пікеце ў цэнтры Менска каля крамы „Цэнтральны”. Акцыя павінна была пачацца ў 11 гадзін і, паводле задумы яго арганізатараў, працягнуцца да 20 гадзін.

На пікеце актывісты «Маладога Фронту» маюць намер збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пра пачатак збору подпісаў было абвешчана 19 верасня па завяршэнні акцыі «Праспект нацыянальнага сцяга» ў Менску. Дашкевіч заяўляў, што плануе збіраць подпісы кожны дзень, акрамя нядзелі.

24 верасня ў Менску адбудзецца закрыццё мотасезона. У ім возьмуць удзел каля 4000 байкераў з Беларусі, Расеі, Прыбалтыкі, краін Заходняй Еўропы. У мерапрыемстве, якое пачнецца а 12-й гадзіне, плануецца ўдзел Аляксандра Лукашэнкі. У раёне крамы «Цэнтральны», дзе плануе правесці акцыю «Малады Фронт», на дадзены момант засяроджана некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

nn.by

Фота Ірыны Арэхоўскай