У Варшаве адкрыецца выстава беларускіх мастакоў «Штучная кома»
З 23-га кастрычніка ў Мультыкультурным цэнтры ў Варшаве распачынае сваю працу выстава «Штучная кома». На ёй прадстаўлены працы маладых беларускіх мастакоў, вымушаных уцячы з краіны.

Якое жыццё ў беларускай турме? Чаму беларусы столькі гадоў жывуць у коме? Калі зменіцца Беларусь? Гэтыя найважнейшыя на сёння тэмы асвятляе выстава.
Наведвальнікі змогуць убачыць работы дзясятка мастакоў, студэнтаў Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва, якія ўдзельнічалі ў дэманстрацыях летам 2020 года. Амаль год таму яны павінны былі паказаць свае працы ў Менску, але галерэя, дзе павінна была адбыцца выстава, была зачынена, і многія мастакі былі арыштаваныя, некаторым з іх удалося ўцячы. Пасля амаль года пандэміі і пошуку сродкаў мастацкія працы былі дастаўленыя ў Польшчу.
Незвычайны фармат выставы ў суправаджэнні мастацкіх спектакляў дазволіць паглыбіцца ў разуменне з’явы студэнцкага пратэсту беларусаў і паказаць уплыў падзеяў на асяроддзе маладых мастакоў.
Паводле інфармацыі арганізатараў
