У Вільні адсвяткавалі Дзень беларускай культуры



Сусветны дзень беларускай культуры адсвяткавалі ў Вільні. На Ратушнай плошчы горада выступіў мужчынскі хор “Унія”, а таксама з’явілася выстава плакатаў дызайнера Уладзіміра Цэслера.

Яна мае назву „HITLERKAPUTIN”. Сэнс плакатаў добра зразумелы і літоўцам, бо раней яны таксама былі пад акупацыяй, — так адзначыла кіраўніца офіса мэра Вільні Эва Дырмайтэ, якая прыняла ўдзел у свяце:

– Вільня – гэта горад, дзе месца знойдуць усе, гэта як бастыён свабоды. Ці гэта беларусы, ці гэта ўкраіцы, усе людзі, якія змагаюцца за свабоду, у Вільні заўсёды для іх будзе месца. Жыве Беларусь!

На ўрачыстым мерапрыемстве выступіў  і дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Беларуская культура зараз мусіць існаваць ў выгнанні, але гэта часова, — упэўнены ён:

– Беларусь у 2020 годзе стала для ўсяго свету сінонім свабодалюбства. Дзякуючы беларускай культуры яна яшчэ стала і сінонімам еўрапейскасці. Дык вось давайце гэтыя адчуванні, гэтае ўспрыманне беларускай культуры не губляць сярод замежнікаў. Трэба любіць не сябе ў Беларусі, а Беларусь у сабе.

Да свята далучылася і сама Святлана Ціханоўская.

А Сусветны дзень беларускай культуры запачаткавала у мінулым годзе Беларуская рада культуры. Сёлета ён праходзіць пад слоганам “BELARUS MUST GO ON!”

“Актыўнасці ў розных краінах стартуюць 7 ліпеня і будуць працягвацца некалькі тыдняў, без фінальнай даты”— а з іх спісам можна азнаёміцца на сайце belarusis.art.   

Беларускае Радыё Рацыя