У Вільні прайшлі акцыі падтрымкі палітзняволеных



У сталіцы Літвы адзначылі Дзень палітвязня, які быў абвешчаны ў мінулым годзе ў гадавіну смерці першага палізняволенага ў Беларусі – Вітольда  Ашурка.

Гэты дзень пачаўся з літургіі і малітвы аб вызваленні ўсіх несправядліва асуджаных, запальвання свечак і акцыі “АСОБ(Н)А”: чытанне імёнаў палітзняволеных”. Гэтая імпрэза адбылася каля мурала ў гонар Алеся Бяляцкага, побач з беларускай амбасадай. Удзел у ёй бралі прадстаўнікі амбасадаў розных краінаў, праваабаронцы, былыя палітвязні, родныя палітзняволеных ды іншыя грамадскія актывісты.

Паводле вядучай акцыі, праваабаронцы Алены Маслюковай, гэты дзень мае вялікае значэнне для ўсіх сумленных беларусаў:

–  Але, на жаль, пра яго не ведаюць самі палітзняволеныя. Мне паведаміла наша валанцёрка, што патэлефанавала ў калонію і сказала, што будзем чытаць спісы, згадваць вас. Яны былі вельмі здзіўленыя і кажуць: хіба ёсць такі дзень? Так, такі дзень, на жаль, ёсць, і вельмі спадзяюся, што ў будучым абмінуць Беларусь усе гэтыя праблемы і гэтыя беды. І ўсе палітзняволеныя стануць свабоднымі.

Пасля падзеі адбываліся на Кафедральнай плошчы Вільні, на якой сабралася вялікая колькасць беларусаў, а пасярод плошчы стаяла 150 сумак і валізак як напамін пра палітвязняў, якіх у Беларусі больш за 1500 чалавек.

Сумкі ўвасаблялі сабой так званыя «кешары» палітвязняў, з якімі палітычных зняволеных этапуюць.

Там выступіла і прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінета, былая палітзняволеная Вольга Гарбунова:

– Сітуацыя с правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца. Мы павінны гучна казаць пра гэта, мы не павінны дапусціць такой сітуацыі, якая адбываецца ў Швецыі, Швейцарыі, дзе МЗСы гэтых краін кажуць пра тое, што Беларусь выйшла на становішча плато і беларусам бяспечна вяртацца на Радзіму. Мы павінны расказваць пра тое, што адбываецца ў нашых турмах, у якіх нечалавечых умовах утрымліваюцца людзі.

На Кафедральнай плошчы прайшоў мітынг з плакатамі і сцягамі, гучалі галасы людзей, якія выйшлі з-за кратаў. Там можна было зрабіць данат альбо дапамагчы справай сем’ям палітзняволеных. Адбылася тэатралізаваная дзея з чытаннем урыўкаў успамінаў Ларысы Геніюш, лістоў Вітольда Ашурка да маці, канцэрт ды іншае.

Сімвалам гэтага дня была жоўтая «экстрэмісцкая» бірка, якой пазначаюць палітзняволеных у калоніях.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя