У Вільні пройдзе Тыдзень беларускай культуры



У Вільні пройдзе Тыдзень беларускай культуры. Пра яго і ўвогуле пра тое, як пашыраецца беларуская культура ў Вільні, распавядае Госця Рацыі – Марына Абрамовіч, прадстаўніца Цэнтра беларускай культуры і супольнасці.

З ёй размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Цэнтр беларускай культуры і салідарнасці рыхтуецца праводзіць Тыдзень беларускай культуры з 4 па 10 верасня. Літаральна заўтра пачынаецца першая падзея. Давайце вызначымся з ідэяй гэтага мерапрыемства – для чаго гэта было патрэбна?

Марына Абрамовіч: Насамрэч Тыдзень беларускай культуры святкуецца адзін раз у год, звычайна ён у ліпені, але мы перанеслі на верасень, таму што падчас вакацый вельмі цяжка сабраць нашых людзей – беларусаў, якія зараз жывуць у Вільні, а іх ужо тут шмат. Але вось зараз усе пакрысе вярнуліся дадому, да сваіх школьных спраў, і таму зараз акурат вось самы час адсвяткаваць.

РР: Якія падзеі рыхтуюцца ў рамках гэтага тыдня?

Марына Абрамовіч: Ён будзе працягвацца ўсе 7 дзён. Кожны дзень будзе прысвечаны аднаму аспекту беларускай культуры. Канешне, беларуская культура вельмі багатая і разнастайная і аспектаў вельмі шмат, але мы выбралі менавіта тыя, якія б былі цікавыя нашай аўдыторыі, якая за гэты час ужо склалася. Першы дзень – гэта панядзелак, і ён будзе прысвечаны шляхце. У нас будуць праходзіць два майстар-класы, а таксама будзе вельмі цікавае мерапрыемства, мы будзем рабіць распіццё кавы па старадаўніх рэцэптах, па старадаўняй традыцыі

РР: Па беларускім старадаўнім рэцэпце, так? Бо, ведаеце, хачу тут такую заўвагу зрабіць, што ў Беларусі праходзіць Дзень беларускага пісьменства, а там у іх “уездный город”, а вы расказваеце пра беларускую шляхту. Мне здаецца, больш па-беларуску, гісторыя і традыцыі больш беларускія, чым расейскі наратыў “уездного города”.

Марына Абрамовіч: Канешне, шляхта – гэта наша гісторыя, наша частка. Я хачу, дарэчы, распавесці, што так ужо склалася, што мы вельмі шануем дзяцей, якія прыходзяць да нас з бацькамі, мы заўжды спрабуем арганізаваць для іх нейкія цікавосткі, каб бацькі маглі спакойна паслухаць лекцыю, адпачыць, паразмаўляць, а між іншым мы гуляем з дзеткамі і знаёмім іх з нашай культурай і нашай традыцыяй.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя