Ва Украіне пракаментавалі раптоўную праверку сіл рэагавання ў Беларусі



У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны не выключаюць выкарыстання Расеяй тэрыторыі Беларусі для атакі ўкраінскай тэрыторыі, хоць пакуль не назіраюць адпаведнай падрыхтоўкі.

„Мяжа з Беларуссю ўзмоцненая, як сіламі памежнай службы, так і іншымі складнікамі сектару абароны. Вядома, разумеем, што на гэтым кірунку ёсць Узброеныя сілы Беларусі, яны гэтага ніколі не ўтойвалі, але гаварыць пра тое, што яны гатовыя да атакі, не можам”, — заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка, каментуючы раптоўную праверку сіл рэагавання Беларусі.

У эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом Андрэй Дземчанка дадаў, што беларускі бок абумоўлівае знаходжанне сіл на мяжы з Украінай неабходнасцю ўзмацнення яе аховы. Раней Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра раптоўную праверку сіл рэагавання, цягам якой вайсковым часткам і падраздзяленням трэба будзе адпрацаваць прывядзенне ў баявую гатовасць, маршы ў прызначаныя раёны і выкананне вучэбна-баявых задач.