Валер Карбалевіч: Замарожванне канфлікту на ўсходзе Украіны стане пэўным прагрэсам



Сустрэча ў Нармандскім фармаце адбудзецца ў бліжэйшую сераду, 11-га лютага, у Менску. Сустрэнуцца лідары Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны ў справе развязавання канфлікту ў Данбасе. Мінулымі днямі Франсуа Алянд ды Ангела Меркель ужо наведалі Кіеў і Маскву, у панядзелак канцлер Нямеччыны знаходзіцца ў Вашынгтоне, у аўторак ужо ў Берліне адбудзецца абмеркаванне менскай сустрэчы.

Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч лічыць, што надалей існуе шанец на дыпламатычнае развязанне, і кажа, што ў сённяшніх умовах прагрэсам стане так званае “замарожванне” канфлікту:

Вайна спыняецца, канфлікт замарожаны і будзе нешта кшталту Прыднястроўя, Абхазіі ці Асеціі. Я думаю, што ў сённяшніх умовах гэта пэўны прагрэс, таму што вайна спыняецца, людзі не гінуць. Перамовы па палітычным ўсебаковым абмеркаванні можна весці гадамі, а самая вострая стадыя канфлікту яна па-просту знікае. Адзінае, што гэта будзе, безумоўна, трагедыя тых жыхароў, якія жывуць у гэтым рэгіёне, але для свету пагроза вялікай вайны прыпыняецца. Пры гэтым я з цяжкасцю сабе ўяўляю, што ўдасца дасягнуць паўнавартаснага, усемаштабнага, палітычнага ўрэгулявання, таму, думаю, бакі абмяжуюцца спосабамі замарозіць гэты канфлікт – такі мой прагноз.

РР: Ці Менск як месца для перамоваў варта абмяркоўваць? Шмат у каго з беларускай дэмакратычнай супольнасці ёсць засцярогі да такога выбару, маўляў, Лукашэнку не пускаюць у Еўразвяз, аднак сам Еўразвяз едзе да Лукашэнкі. Ці гэта не другаснае пытанне на фоне таго, што адбываецца ва Ўкраіне?

Валер Карбалевіч: Ва ўмовах пагрозы вялікай вайны, калі на коне пытанні вялікай геапалітыкі, пытанне Лукашэнкі, санкцый у дачыненні да яго, адыходзіць на другі план. Асабліва цяпер, калі свет адзначае юбілей Ялцінскіх пагадненняў. Адзін з урокаў тых пагадненняў – гэта тое, што краіны з вельмі розным грамадскім і палітычным ладам, ва ўмовах вайны ці яе пагрозы, могуць дамовіцца, могуць адхіліць у бок розныя пытанні, у тым ліку пытанне каштоўнасцяў. Нешта падобнае і цяпер. Калі на кану пытанне вайны і міру, пытанне ўрэгулявання ўкраінскага крызісу, то праблемы з правамі чалавека ў Беларусі адыходзяць на другі план.

Што тычыцца паставак зброі Ўкраіне, а менавіта гэтае пытанне абмяркоўваецца на ўзроўні прэзідэнта Злучаных Штатаў, то гэтыя пастаўкі стануць цалкам магчымыя, калі не ўдасца вырашыць канфлікт дыпламатычным шляхам – кажа Валер Карбалевіч.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя