Валянціна Лаеўская распавяла пра асвячэнне помніка святой пакутніцы Марыі Петручук
У нашым эфіры пабывала Валянціна Лаеўская, якая вярнулася з паломніцтва да мясцовай Падляшскай пакутніцы Марыі Петручук.
– Мы вяртаемся з могілак на Малешах, бо там завяршылася сённяшняе паломніцтва. Там было асвячэнне помніка святой пакутніцы Марыі Петручук. Помнік сапраўды ўражвае сваёй прыгажосцю і павагай. На асвячэнні сабралася 100-150 чалавек. Прайшло гэта вельмі ўрачыста. Прыйшло няшмат – крыху было людзей з Шпакоў, але большасць была паломнікамі. Увогуле, людзі якія спецыяльна на гэтую ўрачыстасць прыехалі з Бельску, з Беластоку, з Браньска, з навакольных мясцовасцяў.
РР: Для тых хто не ў тэме: Марыя Петручук была ахвярай крывавага рэйду атраду Райса Бурага ў 1946 годзе. Яе Польская Аўтакефальная Праваслаўная Царква залічыла ў лік святых. Яшчэ адно пытанне: помнік узнік на магіле, якая была фактычна ананімнай. Магілу знайшла грамадская ініцыятыва, і гэты помнік на грамадскія сродкі збудавала ініцыятыва «Наша памяць». Ты ад самага пачатку прысутнічаеш у гэтай ініцыятыве. Скажы пару словаў пра яе.
– Ініцыятыва ўзнікла недзе ў 2017 годзе. Мы падумалі, што было бы варта ўшанаваць гэтыя месцы гібелі ахвяраў крывавага рэйду Бурага. Гэтая ініцыятыва ўзнікла як такі адказ на гэтыя маршы Бурага ў Гайнаўцы. Падумалі, што калі яны так шануюць гэтага Бурага, то нам трэба нешта зрабіць, каб ушанаваць месцы памяці ахвяраў Бурага. Мы хацелі запісаць усе гэтыя месцы пахаванняў. І ў Малешах якраз былі пахаваныя ўсе ахвяры, якія загінулі ў Шпаках і не маглі знайсці магілкі Марыі Петручук. Мясцовая дзяўчына паказала, дзе гэтае пахаванне магло быць. І мы знайшлі павалены крыж, разбураны часам помнік, які быў пастаўлены яшчэ ў 50-ыя гады, тады помнік паставіла маці гэтай Марыі Петручук.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя