У Варшаве адбыўся вечар „Плошчы Перамен”
Гасцей імпрэзы чакалі выступы Вольнага хору, Уладзіміра Пугача, Лявона Вольскага і іншых запрошаных музыкаў. Разгарнуўся на падзеі і кніжны кірмаш. Але ўсё ж цэнтральнай кропкай стала ўзнаўленне легендарнага муралу „Дыджэі перамен”.

Жнівень 2020-га адкрыў нам нас саміх, навучыў быць вольнымі і, вядома, пакінуў яркія эмоцыі і хвалюючыя ўспаміны — часам жахлівыя, часам натхняльныя.
Адзін з памятных эпізодаў таго лета — „Плошча перамен” — прастора, дзе зліліся шчымлівы смутак паводле Рамана Бандарэнкі і вера ў агульную будучыню, жорсткасць сілавікоў і салідарнасць беларусаў”, — заўважылі арганізатары.

Сястра Рамана – Вольга Кучарэнка – таксама падзялілася, што для яе ёсць „Плошча Перамен”:
– Калі я думаю пра „Плошчу Перамен”, то канешне ў першую чаргу мне ў галаву прыходзіць мой брат. Я як і кожны іншы беларус заўзею за нашу перамогу, але адчула ціск з боку ўладаў і сілавых структур. Калі Рому забілі, то за намі сачылі. Увесь гэты трэш, які адбываўся ў Менску ў адносінах да нашай сям’і, напэўна гэта і страх і боль. Для мяне на самой справе „Плошча Перамен” – гэта ўся Беларусь.
Мерапрыемства адбылося ў Музеі Вольнай Беларусі. Падтрымаць імпрэзу, нягледзячы на непагадзь, прыйшло нямала людзей.








Беларускае Радыё Рацыя
