Вечарына памяці Юрыя Гуменюка ў Беластоку
У Беластоку прайшла вечарына памяці гарадзенскага паэта і журналіста – Юрыя Гуменюка. Сябры і калегі сабраліся разам у беларускім хабе «Новая зямля», каб узгадаць жыццё і творчасць Юрася, які трагічна загінуў 10 гадоў таму.
Узгадвае даўняга сябра і арганізатар вечарыны яго памяці – пісьменнік Алесь Аркуш:
– Быў непаўторным паэтам, па-рознаму літаратуразнаўцы называлі яго паэзію – і дэкадэнцкай і постмадэрністычнай. Ён быў паэтам разняволення, ён пісаў на такія тэмы, пра што ніколі ў беларускай паэзіі не пісалі. Ён ствараў фантасмагорыю, свет з такімі незвычайнымі вобразамі. Мне нават цяжка сабе ўявіць, як такія вобразы паўставалі, таму што яны не мелі ніякіх аналагаў. Тое, што было ім створана, гэта абсалютна аўтарскае, абсалютна яго ўласнае.
Юры Гуменюк – паэт і журналіст з Гародні, які доўгія гады супрацоўнічаў з беларускімі выданнямі Гародні і Беластока, у тым ліку і з «Радыё Рацыя». Загінуў у выніку няшчаснага выпадку ў Гародні 19 студзеня 2013 года, трагічныя абставіны якога дагэтуль застаюцца невядомымі.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя