Віктар Корбут: Любое паслабленне Расеі ідзе на карысць Беларусі, Польшчы і Украіны



У Беластоку прайшла 6-ая Міжнародная навуковая канферэнцыя „Палякі на Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI ст.” па тэме: Касцёл у Беларусі. Сярод матэрыялаў навуковага сходу выдзеліўся даклад Віктара Корбута пра сумяшчэнне на старонках газет „Наша Доля” і „Наша Ніва”, на пачатку мінулага стагоддзя беларускай нацыянальнай ідэі і адстойвання правоў каталіцкага насельніцтва, якое зведвала ціск царскіх уладаў.

Вольга Сямашка пагутарыла з пісьменнікам і даследчыкам Віктарам Корбутам пра тое, з якімі праблемамі гістарычна сутыкаліся і сутыкаюцца палякі ў Беларусі, ці мог існаваць незалежны беларускі Касцёл, што можна чакаць ад паразы Расеі ў вайне, ды якія праблемы спараджае нізкая нацыянальная свядомасць беларусаў:

РР: Якія вострыя пытанні паўсталі падчас канферэнцыі?

– Можна сказаць, што тыя праблемы, якія былі актуальныя для пачатку 20-га стагоддзя, яны часткова застаюцца актуальнымі і сёння. Гэта звязана з нізкім узроўнем нацыянальнай свядомасці беларусаў, а таксама з тымі праблемамі, якія адчуваюць палякі ў Беларусі. Яны адчувалі гэтыя праблемы і ў пачатку 20-га стагоддзя ва ўмовах Расейскай імперыі і адчуваюць сёння. Гэта палітыка праводзілася Расейскай імперыяй, яна зноў аднаўляецца, зноў працягваецца. Вось пра гэта таксама ішла гаворка на нашай канферэнцыі, бо ўсе мы заклапочаныя, беларусы і палякі маюць агульныя праблемы сёння ў Беларусі.

РР: Ці падымалася пытанне Чырвонага касцёла і будучыні і ўвогуле будучыня касцёла?

Сапраўды многія, калі не сказаць усе, заклапочаны лёсам касцёла святых Сымона і Алены ў Менску. Як вядома, гэта адзін з сімвалаў Менску і ўвогуле Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Таксама ён быў вельмі важным цэнтрам беларускага і польскага культурнага жыцця ў Менску. Таму ўсе мы вельмі заклапочаныя, але ўдзельнікі канферэнцыі выказалі спадзяванне, што ўсё ж будзе адноўлена справядлівасць, як гэта ўжо было ў гісторыі, гэты храм вернецца да людзей.

РР: Калі браць гістарычную спадчыну „Нашай Долі” і Нашай Нівы”. Ці было там месца польскай ідэнтычнасці і наколькі цяпер змянілася сітуацыя? Ці быў такі агляд сучасных СМІ Беларусі? ЦІ ёсць там месца палякам?

– Мы ўвесь час гаворым пра тое, што палякі ў Беларусі прысутнічаюць, яны ёсць, яны былі. Трэба сказаць больш, што нягледзячы на тое, што яны ўспрымаюцца, ацэньваюцца, як нацыянальная меншасць, гэта не зусім правільны падыход. Палякі – гэта карэннае насельніцтва Беларусі, такое самае карэннае, як беларусы, летувісы і габрэі. Яны жывуць на гэтай тэрыторыі на працягу многіх стагоддзяў. Іншае пытанне, як сфармавалася польская этнічная група ў Беларусі, але гэта ўжо пытанне да этнографаў і гісторыкаў. Фактам сённяшняга дня з’яўлаецца тое, што такая група, такая нацыянальнасць існуе ў Беларусі. Нельга не лічыцца з тым, што яна мае сваю мову, культуру, ідэнтычнасць. Дзяржава павінна забяспечваць магчымасць навучання на польскай мове, магчымасць выкарыстання польскай мовы ў іншых сферах жыцця грамадства, у тым ліку ва ўстановах, у тым ліку ў храмах. Таму гэтыя пытанні застаюцца актуальнымі, паколькі на жаль яны дагэтуль не вырашаныя.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя