Вікторыя Азаранка выйшла ў 3-і круг Уімблдону
У матчы другога кругу Уімблдонскага тэніснага турніру беларуска Вікторыя Азаранка сустракалася з расейкай Аленай Весніной, 15-й ракеткай турніру. Дагэтуль суперніцы спаборнічалі на розных кортах 7 разоў і заўсёды (!) выйгравала толькі Азаранка. Гэтая традыцыя прадоўжылася і ў сераду 5 ліпеня.
У першым сэце апаненткі бралі сваю падачу да ліку 2:2. Пасля гэтага Азаранка рэзка спуртавала і пайшла ў адрыў 5:2. Выніковы лік партыі – 6:3 на карысць беларускі, якая фрагментамі дэманстравала чэмпіёнскі тэніс.
У другой партыі Азаранка зрабіла брэйк ужо пры ліку 1:1, а потым трымала расейку на дыстанцыі – 3:1, 4:2. Пры ліку 4:3 Вясніна ўзяла працяглы медыцынскі тайм-аўт. Пасля гэтага Азаранка зноў ўзяла гейм на сваёй падачы. А пры падаванні Весніной мела некалькі матч-болаў, не рэалізавала іх сама, але ўрэшце дачакалася капітуляцыі суперніцы. 6:3 у другім сеце і выніковая вікторыя!
Наступнай суперніцай Азаранкі стане брытанка Хізэр Уотсан.
Беларускае Радыё Рацыя