„Віцебск” разграміў „Шахцёр” у матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі



Хакейны клуб „Віцебск” на хатняй арэне абыграў салігорскі „Шахцёр” у чарговым матчы другога этапа беларускай экстралігі. Пачатак паядынку застаўся за гасцямі – „гарнякі” адкрылі лік праз 85 секунд пасля стартавага ўкідвання. Аднак яшчэ да перапынку гульцы „Віцебска” выправілі сітуацыю, на працягу васьмі хвілін закінуўшы тройчы. На гэтым „мядзведзі” не спыніліся: дзве шайбы ў другой трэці і кантрольны стрэл пад сірэну давялі лік да разгромнага – 6:1. Дубль аформіў форвард гаспадароў Магамед Гімбатаў. У паралельным матчы „Гомель” прымаў лідара чэмпіянату „Юнацтва”. На другі перапынак каманды адправіліся пры роўным ліку 2:2, але фінальны перыяд застаўся за сталічным клубам. Пераможная шайба ў актыве Аслана Раісава, яшчэ адным голам за мінчан вызначыўся Андрэй Паўленка. Як вынік – 4:2. У іншай гульні пятніцы „Металург”, па ходу сустрэчы мінімальна саступаючы „Нёману”, дамогся валявога поспеху з лікам 2:1. Вікторыю жлабінчанам прынёс Аляксандр Ціміраў. Пасля 47 матчаў сезона становішча клубаў у топ-6 экстралігі наступнае:

  1. „Юнацтва” (75 ачкоў),

2. „Металург” (70),

3. „Гомель” (66),

4. „Шахцёр” (62),

5. „Віцебск” (60),

6.”Нёман”(51).
Сёння свае матчы правядуць каманды з ніжняй шасцёркі турнірнай табліцы. „Брэст” згуляе з „Дынама-Маладзечна”, „Ліда” сустрэнецца з „Магілёвам”, а „Лакаматыў” прыме „Хімік”.

Ірына Кручынкіна стала шостай у спрынце на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне

Беларуская біятланістка Ірына Кручынкіна заняла шостае месца ў спрынтарскай гонцы на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіць у Германіі. На двух агнявых рубяжах Кручынкіна дапусціла адзін промах. На фінішы вынік беларускай спартоўкі апынуўся на 39,4 секунды павольней часу пераможцы – Рагнхільд Фемстэйневік з Нарвегіі. Срэбраны медаль заваявала нямецкая біятланістка Францыска Хільдэбранд, якая прайграла чэмпіёнцы 3,7 секунды.

Гандбалісты Іспаніі сталі першымі фіналістамі чэмпіянату Еўропы

Гандбалісты зборнай Іспаніі першымі прабіліся ў фінал чэмпіянату Еўропы, які завяршаецца ў Венгрыі. У Будапешце ў першым паўфінальным паядынку дзейныя чэмпіёны Старога Свету абыгралі датчанаў 29:25. На працягу ўсяго першага тайма паўночнікі дамінавалі, але за 20 хвілін да заканчэння сустрэчы іспанская каманда дагнала супернікаў, а потым выйшла наперад і давяла гульню да перамогі з розніцай у чатыры мячы. Супернік іспанцаў па вырашальным паядынку вызначыцца пасля другога паўфіналу, у якім гандбалісты Францыі будуць супернічаць са шведамі. Пераможцы паўфінальных баталій 30 студзеня ў венгерскай сталіцы сустрэнуцца ў вырашальным паядынку за чэмпіёнскі тытул.

Павел Верабей зноў змяніў каманду за акіянам

Беларускі абаронца Павел Варабей зноў змяніў каманду за акіянам.
„Джэксанвіль Айсмэн” выменяў у „Індзі Фюэл” беларускага абаронцу Паўла Вераб’я аддаўшы ўзамен грашовую кампенсацыю. У актыве беларуса ў гэтым сезоне ECHL у суме 2 (0+2) ачкі ў 10 гульнях за „Арланда” і „Індзі Фюэл”, пры паказчыку карыснасці „-1”, зазначае belarushockey.com. Колеры „Джэксанвіль Айсмэн” абараняе таксама беларускі форвард Уладзіслаў Міхальчук. Гэта першы ў кар’еры 24-гадовага Вераб’я сезон за акіянам.

Казахстан і Фінляндыя сталі чвэрцьфіналістамі ЧЕ па міні-футболе

Зборныя Казахстана і Фінляндыі сталі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы па міні-футболе, які праходзіць у Нідэрландах. У Гронінгене ў заключным паядынку папярэдняй групы B казахстанскія спартоўцы з лікам 4:1 упэўнена перайгралі зборную Італіі, пакінуўшы яе за бортам плей-оф. У іншым матчы 3-га тура каманда Фінляндыі ўзяла верх над славенцамі – 2:1.

Беларускае Радыё Рацыя