Вольга Мікалайчык: Прысуд актывістам неадэкватны



Арыштам на 10 сутак за салідарнасць з палітычным зняволеным Юрыем Рубцовым пакараны Леанід Кулакоў.

Адміністрацыйная справа актывіста «Еўрапейскай Беларусі» разгледжаная ў судзе Менскага раёна. Ён быў затрыманы яшчэ ў пятніцу, разам з Максімам Вінярскім і Сяргеем Мацкойцем, нібыта за вывешванне расцяжкі ў падтрымку палітвязня Юрыя Рубцова.

Па словах рэжысёркі і праваабаронцы Вольгі Мікалайчык, прысуд актывістам неадэкватны, а дзеянні актывістаў нельга лічыць правапарушэннем:

 – Вывесілі расцяжку – “Свабоду Рубцову” – выказалі сваё меркаванне. Гэта не пікет, там ніхто нікога не пераконваў, там не было людзей, там быў мост, а на ім вісела расцяжка. Гэта ніяк не з’яўляецца пікетам, нават па нашых законах. Нават у нашай краіне расцяжка ніяк не можа быць пікетам. Гэта проста абсурд, проста нейкая фантасмагорыя.

Затрыманне актывістаў адбылося ў леса-паласе ля гіпермаркета “ГІПА”, прычым затрымлівала актывістаў, па словах Максіма Вінярскага, каля 16-ці супрацоўнікаў АМАПу.

Вінярскі і Мацкойць напярэдадні былі пакараныя арыштам на 10 і 5 сутак адпаведна па артыкуле адміністрацыйнага кодэкса аб парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

  Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя