Вользе Маёравай пагражае пажыццёвае зняволенне



Беларускай палітзняволенай Вользе Маёравай, якую вінавацяць у тэрарызме, пагражае ад 8 да 25 гадоў зняволення, або пажыццёвае зняволенне, піша „Новы час”. Яна напісала сыну, што ёй замянілі частку артыкула 289 („Тэрарызм”) на больш жорсткую. Раней была ч. 2 — ад 8 да 20 гадоў, а цяпер — ч. 3. Яна нават прадугледжвае смяротнае пакаранне, але да жанчын яно не ўжываецца.

Вольга Маёрава

Грамадская актывістка Вольга Маёрава была затрыманая 4 студзеня 2021 года па так званай „справе Мікалая Аўтуховіча”. І з таго часу яна за кратамі: спачатку ў СІЗА КДБ у Мінску, а пасля — у турме ў Гародні. Маёравай 55 гадоў. „Наконт прысуда моцна не пераймаюся, — піша палітзняволеная. — З маім ціскам не прынцыпова — 3 гады ці 20… Будзем чакаць, што пакажа жыццё” адзначае Маёрава.