Вырашаць, ці мяняць корпус рэактара БелАЭС, будуць… расейцы?
Міністэрства энергетыкі прызнала, што на будаўніцтве Беларускай АЭС адбылася пазаштатная сітуацыя з корпусам рэактара. „…пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці”, – паведамляецца на сайце Мінэнерга.
Каб спраўдзіць, ці нанесеныя нейкія пашкоджанні корпусу, павінна быць створаная адмысловая група спецыялістаў, распавядае Еўрарадыё высокапастаўленая крыніца, блізкая да будаўніцтва АЭС. Найхутчэй, кажа суразмоўца, ніякіх пашкоджанняў няма, але нават у такім выпадку ён бы раіў замяніць корпус на іншы.
Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў гэтым пытанні апошняе слова… за расейцамі.
„Там жа расейцы будуюць – нашы арганізацыі на субпадрадзе. Генпадрадчык – расейцы. І як яны вырашаць, так і будзе…”
Нагадаем, звесткі пра здарэнне на Астравецкай АЭС з’явіліся ў СМІ ўвечары 25 ліпеня. Паведамлялася, быццам яшчэ 10 ліпеня пры трэніровачнай устаноўцы рэактара 330-тонны агрэгат зваліўся з вышыні ад 2 да 4 метраў. Таксама з’яўляліся звесткі, што месца здарэння ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.