Як беларусы і ўкраінцы супрацоўнічаюць у Італіі?



Наколькі шмат зараз украінскіх уцекачоў і як яны адаптуюцца ў Італіі? Для каго і куды з такой краіны накіроўваецца гуманітарная дапамога? Па якіх накірунках супрацоўнічаюць украінская і беларуская дыяспары?

Фота: Facebook Traguardi Verona

Адказамі на такія пытанні падзялілася наша сённяшняя „Госць Рацыі” беларуска Марыя Ваверкiна ў гутарцы з Алісай Поль.

РР: Як зараз выглядаюць салідарныя дзеянні ў вашым горадзе?

– Я жыву каля Вероны. Час, калі салідарызаваліся толькі з Беларуссю, прайшоў. Зараз я адчуваю найбольшую салідарнасць мясцовых італійцаў з Украінай. Я жыву каля Вероны ў маленечкай вёсачцы, тут мяне многія людзі ведаюць і запрашаюць на мерапрыемствы, якія прысвечаныя вайне ва Украіне, агрэсіі Расеі супраць Украіны. Такім чынам я праз гэтыя падзеі, праз гэтыя мерапрыемствы таксама спрабую нешта данесці пра тое, якое стаўленне Беларусі да таго, што зараз адбываецца ва Украіне. Італійцы выказваюць вельмі моцную салідарнасць з Украінай, мне падаецца мацнейшую, чым гэта было ў стаўленні да Беларусі два гады таму. Я лічу, што гэта звязана з тым, што нашая барацьба ў Беларусі ўспрымалася, як грамадзянская вайна, а ва Украіне агрэсія. Мы збіраем бежанцаў з Украіны, дапамагаем ім. У асноўным гэта жанчыны з маленькімі дзецьмі. Я перакладаю. Калі я бачу, што чалавек не размаўляе па-расейску, то я пераходжу на беларускую мову. Мы знаходзім агульную мову з украінцамі таксама.

РР: Як зараз выглядаюць акцыі салідарнасці з Украінай у Італіі?

– У Вероне ёсць моцная асацыяцыя жанчын-украінак. Кожную нядзелю цягам месяца яны ладзілі ў цэнтры мерапрыемствы ў цэнтры горада, у цэнтры Вероны, запрашалі нас, як беларускую дыяспару, падключалі мэра горада Верона. Мэтай гэтых мерапрыемстваў было паведамленне італійцам пра тое, што здарылася ва Украіне, што гэта агрэсія, што гэта не вызваленне, не дэнацыфікацыя, як кажуць расейцы, а вайна.

РР: Ці ўзгадваецца Беларусь у кантэксце салідарнасці з Украінай?

– Узгадваецца не так часта, як хацелася б. У маім мястэчку ўзгадваецца, бо я сама беларуска і мае сябры памятаюць, як два гады таму мы выходзілі з нашымі сцягамі, з нашымі ўлёткамі. Запрашаюць нас, бо мы маем дачыненне да гэтай вайны, але не наўпроставае дачыненне, а праз Лукашэнку, што не вельмі прыемна. На кожнай маніфестацыі я павінна казаць, што беларусы – гэта не Лукашэнка, што мы не маем дачынення да вайны, што мы супраць гэтай агрэсіі. Гэта мая мэта, гэта тое, чым я займаюся і тое, што спрабую данесці да ўкраінцаў, якія збеглі з Украіны і зараз шукаюць тут прытулак.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Марыя Ваверкiна дадала, што на бліжэйшыя месяцы тэмай нумар адзін для беларусаў Італіі застанецца вайна ва Украіне. Але прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Італіі таксама шукаюць спосабы, як актуалізаваць тэму з сітуацыяй на радзіме.

Беларускае Радыё Рацыя